Асноўнай мэтай паездкі на Магілёўшчыну Андрэя Кабякова, якая адбылася ў сераду, было наведванне ААТ “Белшына” з разглядам пытання аб ходзе комплекснай мадэрнізацыі прадпрыемства, а таксама ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” і “Чырвоны харчавік”.
Зрабіў прыпынак кіраўнік урада і ў нашым раёне. Тут асноўнай тэмай абмеркавання стала сельская гаспадарка. Аб ходзе вясенне-палявых работ у вобласці, дэталёва аналізуючы прадстаўленыя з раёнаў лічбы, расказаў першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Чыкіда.
Была прадстаўлена і магчымасць паназіраць непасрэдна за працэсам сяўбы ў канкрэтнай гаспадарцы — СВК “Калгас “Авангард”. Яго кіраўнік Сяргей Сідарэнка адзначыў, што ў сельгаскааператыве пасеяны ўжо 431 гектар ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур — 76% да задання. На полі ў 120 гектараў паблізу Цяплух убачылі комплексныя работы: усюдыход-апырсквальнік “Раса” ўносіў карбамідна-аміячную сумесь, за ім ішоў агрэгат камбініраваны шыроказахопны АКШ, які адначасова выконваў тры аперацыі — выраўноўванне, рыхленне і прыкачванне глебы. “Беларус-3022” з АКПМ-6 сеяў суперэлітай яравую пшаніцу.
Значная ўвага ў “Авангардзе” надаецца забеспячэнню належнай кармавой базы: ужо падсеяна 404 гектары шматгадовых траў — 122% да плана. Гаспадарка з’яўляецца элітгасам па збожжавых культурах і насенні траў, таму забяспечвае насенным матэрыялам не толькі сельгаспрадпрыемствы Асіповіччыны, але і іншых раёнаў.
Алег Чыкіда звярнуў увагу і на рацыянальнасць выкарыстання зямельных рэсурсаў у СВК Магілёўшчыны. Напрыклад, той жа “Авангард” сёлета дадаткова ўвёў у гаспадарчы абарот 5 гектараў з ранейшай прыдарожнай паласы, папярэдне выкарчаваўшы дрэвы, апрацаваўшы глебу і належным чынам яе падкарміўшы.
Фота БелТА.