Якімі якасцямі трэба валодаць, каб стаць добрым аператарам машыннага даення кароў? На гэтае пытанне можна было знайсці адказ на чарговым пасяджэнні клуба даярак, якое наладзіў райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу напярэдадні жаночага свята. Безумоўна, на першае месца варта паставіць працавітасць і адказнасць, а далей у пераліку — актыўнасць і неабыякавасць. Уваходным жа «білетам» на мерапрыемства сталі добрыя вынікі ў вытворчасці малака ў 2014 годзе.
Сабраўшыхся шчыра павіншавала прафсаюзны лідар Святлана Сідарэнка. Яна пажадала дасягнення новых працоўных вяршынь і простага жаночага шчасця. Калі на сэрцы радасна і спакойна, тады і ў справах лад.
Падзячныя лісты старшыні райвыканкама прызначаліся ў гэты дзень Алене Гарадзецкай з СВК “Калгас “Лапічы”, “белшынаўцам” Наталлі Грышановіч, Галіне Біцюн, Таццяне Ядрышнікавай, Алене Рыжковіч (на здымку) і другім майстрам малочнай справы. Прыемна, што спіс лепшых аператараў машыннага даення штогод застаецца стабільным — значыць, на асіповіцкіх малочнатаварных фермах працуе нямала па-сапраўднаму адданых сваёй справе людзей.
Падарункі ад райкама прафсаюза атрымалі прадстаўнікі кожнай гаспадаркі. Дарэчы, на пасяджэнні клуба прысутнічалі не толькі даяркі, але і жывёлаводы. Што цалкам справядліва: поспех заключаецца ў агульнай працы — хіба ў недагледжанай каровы можа быць высокі надой?
Віншавала прысутных і галоўны ветэрынарны ўрач раёна Ганна Алёхна. Яна таксама падкрэсліла важнасць узаемадзеяння працаўнікоў ферм з ветслужбай: гэта дазваляе мець здаровы статак, а, значыць, добры прыплод і якаснае малако.
Ніколі пасяджэнне клуба даярак не абыходзілася без вясёлых песень і танцаў, цікавых конкурсаў і розных прызоў. I сёлета стваралі добры настрой народны ансамбль народнай песні “Вязанка” Вяззеўскага СДК і абаяльныя вядучыя з цэнтралізаванай клубнай сістэмы. А пачастункі ад мясцовых перапрацоўшчыкаў — філіяла “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка” і ААТ “Асіповіцкі хлебазавод” — зрабілі сустрэчу па-дамашняму прыемнай.