Мы прывыклі да таго, што багацці прыроды — дадзенасць, і можна браць, нічога ці мала аддаючы ўзамен. Але — не ў выпадку з лесам: захаваннем і рацыянальным яго выкарыстаннем даўно і паспяхова займаюцца падраздзяленні лясной гаспадаркі. У іх ліку і Акцябрскае лясніцтва, якім ужо каля дзесяці год кіруе Андрэй САРОКА:
— Лес, вядома, рэсурс аднаўляльны, але каб стабільна атрымліваць добры «ўраджай», трэба шмат і сур’ёзна працаваць, укладваючы сілы не толькі ў дзень сённяшні, але і ў заўтра. Гэта і робім. Зараз у лясніцтве працуе 25 чалавек, і амаль усе — з немалым стажам: выпадковых людзей лес не любіць. Прыклад «невыпадковага» чалавека — вадзіцель Алег Жук, які аддаў лясной справе больш за 27 гадоў і неаднаразова станавіўся лепшым па прафесіі ў вобласці.
Мінулы год стаў для калектыву ўдалым: нарыхтавалі 25 тысяч кубаметраў драўніны ліставых парод і зарабілі 6 мільярдаў рублёў — на 20% больш, чым у 2013 годзе. У Польшчу, Літву, Узбекістан экспартавалі 12 тысяч «кубоў» дзелавой драўніны на 317 тысяч долараў. Правялі высечкі догляду на 55 гектарах маладняку. З адходаў з дапамогай ру-більнай машыны вырабілі 3.000 кубічных метраў паліўных трэсак: 80% пайшло на экспарт, астатняе — на патрэбы міні-ЦЭЦ і УКП ЖКГ. Палепшылася тэхнічная аснашчанасць: купілі тралёвачны трактар, тры сучасныя пілы, супрацьпажарны модуль на 500 літраў вады, які можна перамяшчаць на легкавым аўтамабілі.
Зрабілі немалыя ўкладанні і ў будучыню. Штогадовая пасадка лесу залежыць ад аб’ёму суцэльных высечак — на 14 гектарах замест алешыны і бярозы пасадзілі каштоўны дуб: глеба ў Акцябрскім лясніцтве багатая, таму прыжывальнасць — 94%. Саджанцы пастаўляе ліпенскі гадавальнік, а таму, што нават у 20-сантыметровага падгадаванага дубка магутная і разгалінаваная каранёвая сістэма, высаджваем дрэўцы «пад рыдлёўку», а не з дапамогай мяча Колесава*. Працэс працаёмкі, але вынік таго варты: зірніце на дубы, якія былі пасаджаны ў лясніцтве 180 гадоў таму. Дарэчы, сёлета запоўнім маладняком яшчэ 40 гектараў, прычым на 30 з іх высадзім менавіта дуб. Вядзем таксама нарыхтоўку насення: адправілі 200 кілаграмаў яловых шышак на брыцалавіцкую шышкасушылку, адкуль апрацаванае і закансерваванае насенне пойдзе і ў беларускія гадавальнікі, і ў Расію, дзе хвойныя пароды вельмі запатрабаваныя.
Зімой лес быццам бы спіць, але ў лясніцтве і цяпер работы хапае: за паўтара месяца ўжо нарыхтавана і адпраўлена 1.200 «кубоў» драўніны, працягваецца высечка сухастою і навядзенне парадку ў лесапаласе ўздоўж дарог. А пра вясну тут заўсёды думаюць раней за астатніх: зусім хутка пачнецца рух соку, а плануецца сабраць каля 80 тон бярозавіку…
*Меч Колесава, або Саджальный меч Колесава — ручны інструмент, вузкая сталёвая рыдлёўка для пасадкі сеянцаў і саджанцаў лясных культур.
Соф’я САВАЙТАН.