Ахову працы работнікаў трымае на кантролі кожны кіраўнік, але непрадбачанасці здараюцца. Так, летась у раёне адбылося 8 выпадкаў вытворчага траўматызму (у 2013 годзе — на 7 больш), з іх 3 з цяжкімі вынікамі. Па 1 выпадку адбылося ў бальніцы, АСВК «Калгас «Лапічы», СТАА «Белга-Прам», вагонным дэпо і ТДА «НТМ-2000», а на заводзе аўтаагрэгатаў такіх непрыемнасцей было зарэгістравана 3.
У рамках III Рэспубліканскага конкурсу «Участковы інспектар, які мне дапамог» ажыццяўляецца прыём станоўчых водгукаў (падзяк) аб рабоце ўчастковых інспектараў міліцыі і ўчастковых інспектараў па справах непаўналетніх. Iх асіпаўчане могуць выказваць па тэлефонах: 22-1-02, 102, 23-5-64 ці пры асабістым візіце ў РАУС (вул. Крупскай, 33).
У аддзеле па працы і занятасці насельніцтва райвыканкама зараз на ўліку стаіць 168 беспрацоўных (у канцы снежня было 72). Вакансій прапаноўваецца 80, з іх палова па рабочых прафесіях. Сярод спецыялістаў найбольш запатрабаваны інжынеры, ветэрынарныя ўрачы, майстры вытворчасці.
Абласны агляд-конкурс якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва па выніках работы за мінулы год праведзены ў студзені. Сярод участковых бальніц II месца заняла Лапіцкая ўстанова аховы здароўя.
Ясенскі сельскі Савет дэпутатаў пастаянна вядзе работу з насельніцтвам. За студзень было выдадзена 33 даведкі, з іх 27 аб месцы жыхарства і складзе сям’і, 5 — пра жылое памяшканне, 1 — пра апошняе месца жыхарства. Зваротаў грамадзян не паступала.
Сумесны пленум савета ветэранаў абласных камітэтаў кампартыі краіны і ГА БРСМ, прысвечаны падрыхтоўцы да ўрачыстасцей з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі, будзе праведзены 17 лютага. У ім прымуць удзел і асіпаўчане. Плануецца эстафета са зборам подпісаў удзельнікаў вайны на галоўным сімвале абласной арганізацыі ветэранаў — флагу, які абляціць усе раёны Магілёўшчыны.
Падведзены вынікі раённага этапу конкурсу «Школа бяспекі», які праводзілі райаддзел адукацыі сумесна з РАНС. Удзел у ім прынялі 22 установы адукацыі. У камандным заліку I месца занялі гімназісты, на другім — вучні Вяззеўскай школы, трэцімі сталі навучэнцы СШ № 2.