навагодняя дабрачынная акцыя пад такой назвай праходзіць у Беларусі з 12 снежня па 11 студзеня. Самы маштабны марафон дабрыні ўжо шмат гадоў адбываецца пад патранажам Прэзідэнта Беларусі, а ўдзельнічаюць у акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржупраўлення, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, проста добрыя людзі. Па традыцыі ў гэтыя дні яны наведваюць дзіцячыя інтэрнацкія ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя бальніцы, каб уручыць падарункі.
Не застаўся ў баку ад добрых спраў і наш парламентарый: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Калтуноў разам з кіраўніцтвам дахавага завода “ТехноНИКОЛЬ” і сёлета, як летась, завітаў да выхаванцаў мясцовай спецшколы-інтэрнат, якім з цёплымі словамі віншаванняў-пажаданняў уручыў 78 салодкіх падарункаў. Не адпусцілі паважаных гасцей з пустымі рукамі і юныя гаспадары: кожны атрымаў на памяць ялінку-сувенір, зробленую ўласнымі рукамі хлопчыкаў і дзяўчынак.
Напярэдадні Новага года выхаванцы тут наогул не сумавалі. Нягледзячы на загружанасць справамі, знайшлі час для наведвання ўстановы намеснік Генеральнага пракурора краіны Аляксандр Лашын, старшы пракурор аддзела па нагляду за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Вадзім Пазняк, начальнікі Дэпартамента аховы МУС і аблупраўлення Сяргей Хаменка і Аляксандр Сітко, намеснік начальніка Дзяржаўнага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мытных органаў Валянціна Ананьева. База спецшколы папоўнілася наборам мяккай мэблі, сертыфікатам на суму 50 мільёнаў рублёў на набыццё будаўнічых матэрыялаў, мультымедыйнай устаноўкай, а кожнае дзіця атрымала салодкі падарунак. Прафсаюз работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання прадаставіў сертыфікат на 3 мільёны рублёў, дырэктар мясцовага дабрачыннага фонду “Крыніца дабрыні” Ганна Бародзька — наборы цукерак, а прадстаўнікі кампаніі “Данон” — карысныя і смачныя ёгурты да святочнага стала.
* * *
27 снежня пры ЦКРНіР адбылося казачнае прадстаўленне каля навагодняй ёлкі, куды запрасілі дзяцей-інвалідаў, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы, а таксама “сталых” вучняў, якія ў агульнаадукацыйных установах ужо не атрымоўваюць падарункі. Тут ласункі атрымалі ўсе, як і масу пазітыўных эмоцый, якія толькі дапамогуць дзецям змагацца з хваробамі. Даўнія сябры ўстановы — прадстаўнікі вайсковай часці 12147 — падарылі выхаванцам дашкольнай групы спортінвентар, а ЦБП № 722 філіяла № 703 ААТ “Беларусбанк” забяспечыў карэкцыйна-развіваючы цэнтр новай мэбляй і магнітафонам. Дапамагаць жа ва ўборцы памяшканняў цяпер будзе пыласос, які атрымалі ад райвыканкама.
* * *
Дзіцячы сацыяльны прытулак са смачнымі падарункамі наведалі прадстаўнікі раённай арганізацыі прафсаюзаў чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі. Працаўнікі мясцовага лясгаса таксама завіталі сюды, каб парадаваць малых напярэдадні свята. Яны прывезлі самы галоўны атрыбут урачыстасці — зялёную прыгажуню-ёлку, ля якой пазней уручылі радасным жыхарам прытулку цукеркі і цацкі.
* * *
Гасцей прымалі ў перадсвяточныя дні і 4 дамы сямейнага тыпу. Шэфы прынеслі маленькім выхаванцам цукеркі і радасны настрой, а ААТ “Бабушкина крынка” забяспечыла яшчэ і малочнай прадукцыяй, якой хопіць дзецям на ўсе святочныя дні.
* * *
Загадчык клуба 465 ракетнай брыгады Юрый Шкуратаў ведае, што Новы год — самае любімае свята дзетвары. Каб дадаць малым станоўчых эмоцый, тут і арганізавалі наведванне галоўнай ёлкі краіны, дзе пабывалі каля паўсотні цэльскіх хлопчыкаў і дзяўчынак.