Асіповіччына і землякі
Самае знакавае сельскагаспадарчае свята — “Дажынкі”— прайшло ўпершыню ў новым фармаце ў аграгарадку Вяззе.
Самы багаты ўраджай збожжа атрыманы філіялам “Белшына-агра” ААТ “Белшына” — 50,6 цэнтнера з гектара.
Самыя маштабныя змяненні ў радыёвяшчанні — замена праваднога радыё на эфірнае. Асіповічы — у ліку першых у рэспубліцы.
Самы адметны інвестыцыйны праект — запуск тэхналагічнай лініі па вытворчасці сучасных шпал на заводзе жалезабетонных канструкцый. Магчымасці абсталявання — 400 тысяч шпал у год.
Самы прагрэсіўны крок у медыцыне раёна — асваенне асіповіцкімі хірургамі манаполюснага эндапратэзіравання тазасцегнавога сустава. За год зроблена 6 такіх аперацый.
Самы багаты на вяселлі месяц — жнівень: заключана 66 шлюбаў. А найменш папулярным — верым у прыметы? — стаў май: на Асіповіччыне створана толькі 10 сем’яў.
Сама больш немаўлят нарадзілася ў кастрычніку — 60. А вось у лютым на свет з’явілася толькі 33 дзіцяці.
Самая вялікая колькасць першакласнікаў — 128 хлопчыкаў і дзяўчынак — у гарадской СШ № 1. У паралелі — 5 класаў.
Самы значны праект, рэалізаваны раённым краязнаўчым музеем — стварэнне экспазіцыі сям’і Дараганаў. Выстава ўключае больш за тры сотні эксклюзіўных прадметаў і размяшчаецца ў пяці залах. На ўрачыстае адкрыццё запланаваны візіт нашчадкаў славутага роду.
Сама больш кніг на працягу года паступіла ў гарадскую бібліятэку № 1 — 2.562 экзэмпляры. Усяго па раёне — 29.021.