Ужо не першы раз сельскагаспадарчы год завяршыла прафесійнае спаборніцтва маладых механізатараў. Сёлета мерапрыемства, арганізаванае райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, сабрала ўдзельнікаў з шасці гаспадарак раёна. З усёй адказнасцю падышоў да конкурсу філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”: гонар гаспадаркі абаранялі адразу тры прадстаўнікі. Месца ж збору вырашылі не мяняць: СВК “Калгас “Авангард”.
Для аб’ектыўнасці ацэнкі былі прадугледжаны тэарэтычныя і практычныя іспыты. У тэсціраванні па правілах дарожнага руху больш за ўсіх набралі балаў Аляксей Лісіца з “Бярэзіны”, “белшынаўцы” Алег Ганчаронак і Сцяпан Давідовіч. А сама лепш ведаў правілы тэхнічнай эксплуатацыі трактароў і патрабаванні аховы працы Сяргей Снігір з “Ясеня”. Ён, дарэчы, паказаў сапраўдны клас і пры зборцы-разборцы гідраўлічнай помпы — 1 хвіліна 21 секунда! Фігурнае ваджэнне трактара — задача не з лёгкіх. Адметна, што зараз амаль усе ўдзельнікі выдатна справіліся з гэтым заданнем. А значыць, такім майстрам можна давяраць любую тэхніку!
Кожны год арганізатарамі прыўносіцца ў конкурс штосьці новае. Сёлета гэта была канцэртная праграма, падораная ўзорным ансамблем “Журавінка”. Што ні кажы, а з музычнымі нумарамі мерапрыемства становіцца больш святочным.
I вось — самы ўрачысты момант. Кожны атрымаў прыз ад райкама прафсаюза, а пераможцы, якімі сталі Сяргей Снігір, Сцяпан Давідовіч і “авангардавец” Мікалай Малаковічаў, яшчэ былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад райвыканкама. Дарэчы, хлопцы сапраўды лепшыя і ў полі — не раз даводзілася сустракацца ў гарачую пару. Сяргей выдатна спраўляецца з магутным “Беларусам-3522”, Сцяпан — пераможца ў маладзёжным спаборніцтве на жніве.
Няхай і новы год для ўсіх таксама будзе плённым!
Валянціна КОРБАЛЬ.