Стацыянарны каток функцыянуе зараз на хакейнай пляцоўцы ў СШ № 3, а на стадыёне «Алімпіец» будуць заліваць пры спрыяльных умовах. У ФСК «Алімпія» можна ўзяць канькі на пракат: адна гадзіна каштуе 15 тысяч рублёў. З пачатку года такой магчымасцю скарысталіся 20 чалавек.
Раённую выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка», якая праходзіла ў Цэнтры народных рамёстваў, наведала каля 100 чалавек. На ёй былі прадстаўлены работы 10 майстроў, якія працуюць у розных тэхніках. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі незвычайныя лялькі, зробленыя асіпаўчанкай Нінай Свірыдавай.
Асіповіцкім раёнам газазабеспячэння летась вяліся работы па газіфікацыі асобных вуліц у Забалацці, Ялізаве і Ліпені. Усяго пракладзена 21,4 км газаправода, у тым ліку 18,6 — ва ўзгаданых паселішчах. Было зрасходавана 8,5 млрд рублёў, з якіх 5,3 — бюджэтныя сродкі. Колькасць кватэр, пераведзеных на прыродны газ, — 266, у сельскай мясцовасці — 93. Газіфікавана 294 кватэры ў шматпавярховых дамах. Звадкаваны газ прыйшоў да 145 гаспадароў, у тым ліку сельскіх — 122.
Цэнтральная раённая бібліятэка выпусціла чарговы — восьмы — зборнік нарысаў на краязнаўчую тэматыку. Яго назва — «Навуковыя дзеячы, якія праславілі Асіповіцкі раён». Сабраны біяграфічны матэрыял пра 18 ураджэнцаў нашага краю, прозвішчы якіх не значацца ў кнізе «Памяць». Зараз збіраюцца звесткі для наступнай брашуры — пра воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Камбінат бытавога абслугоўвання № 2 аказвае цырульныя, швейныя паслугі, а таксама працуе як комплексна-прыёмны пункт. Найбольшым попытам у насельніцтва карыстаецца цырульня — выручка склала 651 мільён рублёў. Пашывачная прынесла прадпрыемству 260 мільёнаў, на рамонце адзення зарабілі 62 мільёны, найменшы даход прынесла работа КПП — 38,3 млн рублёў.
Ліпенскі сельсавет пастаянна аказвае дапамогу маламаёмным сем’ям і пажылым грамадзянам. На працягу мінулага года людзям было раздадзена каля тысячы адзінак адзення і абутку, атрыманых ад райцэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.