“На студэнцкай хвалі” — забаўляльная праграма пад такой назвай пройдзе ў нядзелю, 25 студзеня, у МПЦ “Равеснік”. Прымеркаванае да Дня студэнта мерапрыемства распачнецца ў 11 гадзін. Уваход свабодны — не прапусціце!
У 42-м з’ездзе БРСМ, які прайшоў у сталіцы 19-20 студзеня, прынялі ўдзел і 2 дэлегаты ад нашага раёна: першы сакратар РК ГА “БРСМ” Ганна Дземідок і педагог-арганізатар СШ № 4 Кацярына Шалупенка. На думку актывістак, наша моладзь гатова да рэалізацыі пастаўленых задач, ажыццяўлення прапанаваных на форуме ідэй.
Новы накірунак — вытворчасць марцыпанавых і персіпанавых фігур, глазураваных шакаладам і дэкарыраваных — асвоены ў снежні на ТАА “Белга-Прам”. Вырабы эксклюзіўныя, таму выпускаюцца ў невялікай колькасці па заяўках.
Народны фолк-мадэрн калектыў “Куццякі” ў лютым прыме ўдзел у праграме “Здароўе” на канале «Беларусь 1», якая будзе прысвечана посту і святу Вялікадня. Якраз велікодную песню ў сваёй апрацоўцы і рыхтуюцца прадставіць на суд тэлегледачоў землякі.
Бароцца са снегам працаўнікам дыстанцыі пуці на станцыі Асіповічы дапамагаюць сістэма электраабагрэву і кампрэсар, з дапамогай якога адбываецца абдзіманне. У першую чаргу ачышчаюцца стрэлачныя пераводы. На станцыі і прыпыначных пунктах расчыстка пасадачных платформ зараз вядзецца ўручную — неабходнасці задзейнічаць снегаўборачную тэхніку пакуль няма.
За год у райпаліклініцы зафіксавана 512.592 наведванні — на 3 сотні менш, чым пазалетась. Часцей за ўсё землякі звярталіся да ўрачоў тэрапеўтаў і педыятраў. Рост вострых рэспіраторных захворванняў зараз не фіксуецца: калі такі дыягназ у снежні быў пастаўлены 1.200 пацыентам, то за тры тыдні студзеня — менш чым 750.
Дзясяткі навагодніх прыгажунь-ёлак, выканаўшы сваю ролю па стварэнні людзям добрага настрою, на працягу мінулага тыдня скінулі свой дзівосны ўбор і паступова перакачавалі на пляцоўкі для збору смецця. «Які іх далейшы лёс?» — цікавяцца чытачы. Як паведаміў галоўны інжынер ДУКВП «Райсэрвіс» Мікалай Палоўнікаў, яліны пайшлі на топку грамадскіх лазняў.