вынесеныя на парадак дня чарговага пасяджэння райвыканкама, якое прайшло 19 снежня з удзелам намесніка міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь — камандуючага ўнутранымі войскамі Юрыя Караева, пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандра Чадзюка і намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Наталлі Сіманавай, тычыліся, як заўсёды, самых розных бакоў жыцця рэгіёна.
Па пытанні “Аб арганізацыі работы па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, папярэджанні гібелі людзей, памяншэнні аварыйнасці на дарогах Асіповіцкага раёна” даклад зрабіў начальнік РАУС Уладзімір Рыжанкоў. Ён адзначыў, што за 11 месяцаў на тэрыторыі Асіповіччыны зарэгістравана 31 дарожна-транспартнае здарэнне, у якіх загінула 8 і было паранена 28 чалавек (адпаведна летась — 38, 8 і 38). 25 ДТЗ здзейснілі гаспадары індывідуальнага транспарту, 4 — службовага.
Дзеля фарміравання ў людзей паважлівых адносін да прытрымлівання правілаў дарожнага руху ў рэгіёне робіцца многае, але “даходзіць”, да жалю, яшчэ далёка не да ўсіх. Найбольш складаная абстаноўка ў горадзе назіраецца на ўчастках вуліц Дзяржынскага, Варашылава, Гарбатава: адсутнічаюць тратуары, недастатковая асветленасць праезнай часткі ў цёмны час. Выкараненне непрыязных умоў прадугледжана ў 2015-2017 гадах, але і па іншых напрамках працаваць у нас ёсць над чым. Як і наогул паляпшаць стан вуліц і дарог, дасканала выконваць мерапрыемствы па ўдасканальванні арганізацыі дарожнага руху.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Міхаіл Грыгорчык праінфармаваў наконт арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з вучнямі. Спартыўная база ў нас забяспечвае выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне фізкультуры і спорту, па пэўных відах маем нядрэнныя вынікі на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах — у штогадовым спаборніцтве сярод гарадоў і раёнаў вобласці, напрыклад, раён у 2013 годзе заняў 2 месца. Ладныя сродкі ўкладваюцца ў той жа рамонт спортзбудаванняў і набыццё адпаведнага інвентару: толькі ў бягучым навучальным годзе на гэтыя мэты пайшло больш за 350 мільёнаў рублёў, з якіх каля 140 — пазабюджэтных і спонсарскіх.
Але хапае і праблемных момантаў. У прыватнасці, трэба працягваць умацоўваць базу ўстаноў адукацыі. Патрабуе рэканструкцыі стадыён “Алімпіец”. Маем недастатковую выніковасць выступленняў зборных каманд раёна на абласной спартакіядзе-2014 школьнікаў па футболе, валейболе, гандболе (юнакі). Ёсць праблемы з камплектаваннем трэнерскімі кадрамі аддзяленняў баскетбола і лёгкай атлетыкі дзіцяча-юнацкай спартшколы. Абавязкова трэба актывізаваць работу па эфектыўнай загрузцы спортзбудаванняў, асабліва ў выхадныя дні і г.д.
На пасяджэнні былі таксама разгледжаны пытанні аб рэзерве кадраў на кіруючыя пасады, уключаныя ў кадравы рэестр райвыканкама, план работы на 2015 год, праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на будучы год, арганізацыі работы рэдакцый газеты “Асіповіцкі край” і раённага радыёвяшчання ў наступным годзе і другія — больш за паўсотню. Па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Перад пачаткам пасяджэння райвыканкама Падзячны ліст упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама і грашовая прэмія дзяжурнай па чыгуначнай станцыі Мірадзіна былі прылюдна ўручаны Галіне СОЙКА (на фота) — за дапамогу ў раскрыцці крадзяжу.
…9 снежня жанчына звярнула ўвагу на неахайна апранутага мужчыну з падазрона вялікай сумкай у руках, што раніцай садзіўся ў цягнік “Мінск-Гомель”, і паведаміла аб убачаным у Асіповіцкі аддзел унутраных спраў на транспарце. Своечасова атрыманая інфармацыя дазволіла супрацоўнікам АУСТ па “гарачых слядах” затрымаць злачынцу, які абрабаваў два дамы ў размешчаным недалёка ад станцыі Мірадзіна дачным кааператыве.
А зусім нядаўна яе муж Аляксандр Сойка — начальнік станцыі Мірадзіна — дапамог затрымаць небяспечнага “металіста”. У пошуках каляровых металаў гэты злачынца вывеў са строю абсталяванне, якое адказвае за бяспеку руху цягнікоў.
Па словах Галіны Сойка, яны з мужам працуюць на чыгунцы ўжо 35 гадоў і за гэты час дапамагалі міліцыі не аднойчы. Бо для чыгуначнікаў не заставацца абыякавымі, калі бачыш нейкае правапарушэнне, — гэта норма паводзін.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.