На сёння ў краіне існуе нямала розных варыянтаў мадэляў эфектыўнага ўладкавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Нярэдкая з’ява і аптымізацыя за кошт узбуйнення гаспадарак. Асіповіччына — не выключэнне. Напрыклад, у 2012 годзе УКСП “Пратасевічы” было далучана да ААТ “Асіповічыаграпрам-тэхзабеспячэнне”, нямала крокаў у такім кірунку зроблена і раней. Напрыканцы ж лістапада аб’ядналі свае сілы калгасы імя Чарняхоўскага і “Каўгарскі”. Апошняе і стала нагодай сустрэчы са старшынёй СВК Віктарам ЮДЗIНЫМ.
— Згодны, што лагічным будзе распачаць з новага “пашпарта” гаспадаркі?
— Сапраўды, змяненні адбыліся кардынальныя. Цяпер калгас імя Чарняхоўскага мае 8.815 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх ворыва — 3.778. Бал урадлівасці раллі ў сярэднім 27,4 супраць ранейшых 25,5. Аднак і гэта значна ніжэй сярэднераённага паказчыка 32,6. Малочнатаварных ферм 7, дарошчвання жывёлы — 4, плюс два цялятнікі і ферма па адкорме бычкоў. Дарэчы, раней такой у нашым калгасе не было, таму з задавальненнем будзем развіваць гэты накірунак. Буйной рагатай жывёлы гаспадарка мае 2.757 галоў, з іх 1.109 — дойны статак.
— Аб’яднанне — працэс далёка не просты, змяненні не могуць быць пазітыўнымі для ўсіх…
— Зараз у калгасе налічваецца 227 чалавек. Ніхто з “Каўгарскага” без работы не застаўся, у асноўным усе працуюць на сваіх ранейшых месцах. Канечне, шэраг спецыялістаў сталі рангам ніжэй. Касцяк узбуйненай гаспадаркі складаюць кадры калгаса імя Чарняхоўскага, але гэта напачатку.
— Увогуле спецыялістаў хапае?
— Вельмі патрэбен ветурач. Гатовы і з жыллём яму дапамагчы.
— У абедзвюх гаспадарках складанасцей было нямала. З іх аб’яднаннем праблемы памножыліся ці, наадварот, іх стала менш?
— Некаторыя засталіся, некаторыя ўзніклі новыя. Так, заўсёды на парадку дня — пошук крыніц для выплаты заработнай платы. Затрымліваць яе не маем права. Пэўную праблему складае тое, што цяпер ёсць неабходнасць часцей бываць у Каўгарах, а спецыялістам адтуль, дзе таксама пакуль працуе кантора, прыязджаць у Вялікі Бор. Трэць усяго шляху — гравійка, якая праходзіць праз некалькі вёсак. З цягам часу з дарогай пытанне трэба вырашаць. Акрамя таго, рэйсавы аўтобус Асіповічы-Жыцін не заходзіць у Каўгары. Добра было б, каб мінімум двойчы на тыдзень ён пашыраў свой маршрут, даючы людзям магчымасць дабрацца з Каўгароў у цэнтр калгаса і без перашкод вярнуцца назад. Словам, на сёння не без складанасцей.
— А на што робіце стаўку ў развіцці ўзбуйненай гаспадаркі?
— У першую чаргу — на новыя малочнатаварныя фермы. Iх у нас цяпер дзве. “Спадчына” з Краёў працуе ўжо з сакавіка. Тут штодня атрымліваем паўтары тоны малака, а доіць кароў усяго адзін аператар машыннага даення. Да канца года плануем запусціць і ферму ў Дрычыне, якая практычна гатова прыняць насельнікаў. Камплектавацца МТФ будзе сваімі цялушкамі. Канечне, эканамічны эфект ад аб’екта яшчэ пэўны час прыйдзецца пачакаць. Раз спадзяёмся на павелічэнне вытворчасці малака, значыць, трэба накіравана працаваць над стварэннем якаснай кармавой базы.
— Цэнтр гаспадаркі так і застанецца ў Вялікім Бару?
— Калі будзем валодаць сродкамі, зробім рамонт у былой канторы ў Дрычыне і перабазіруемся туды. Пакуль жа — без змяненняў.
— Што можна чакаць ад аб’яднання гаспадарак у агульным?
— Будзе зменена структура пасяўных плошчаў, пры правядзенні ўсяго комплексу сельскагаспадарчых работ у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, унясенні мінеральных удабрэнняў пад поўную патрэбнасць павінна павялічыцца агульная ўраджайнасць культур. Адсюль узнікне рэальная магчымасць забеспячэння наяўнага пагалоўя жывёлы збалансаванымі кармамі, што ў выніку дазволіць павысіць прадукцыйнасць БРЖ і знізіць сабекошт вытворчасці малака і мяса. Немалаважна і эфектыўнае размеркаванне працоўных рэсурсаў. Спадзяёмся, пераадолеўшы ўсе цяжкасці, атрымаць моцную і перспектыўную гаспадарку.
Гутарыла Валянціна КОРБАЛЬ.