Пазаўчора на базе гімназіі адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Вітаючы вучняў, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Вікенцьевіч Шаўлюга падзякаваў ім за грунтоўную падрыхтоўку і выказаў спадзяванне, што многія з прысутных юнакоў і дзяўчат стануць прызёрамі ў вобласці і рэспубліцы — Асіповіччына заўсёды славілася таленавітай моладдзю!
Былі сярод рабят такія, чые веды заслугоўваюць асаблівай увагі і павагі. Напрыклад, 11-класнік СШ № 3 Яўген Аўдзейчык атрымаў адразу 4 дыпломы: па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы — I ступені, па хіміі — II. А дапамагалі хлопцу настаўнікі Валянціна Уладзіміраўна Куцік, Таццяна Аляксандраўна Мурадава, Уладзімір Аляксеевіч Сасаў і Святлана Уладзіміраўна Зайцава.
Гімназістка Ганна Булойчык стала лідарам па фізіцы і астраноміі (настаўніца Антаніна Баляславаўна Тумашык), мае другі вынік па матэматыцы (выкладае прадмет Святлана Анатольеўна Дораш). Па два першыя месцы ў гімназістаў Вікторыі Жордачкінай і Анастасіі Ефімовіч, у ліку неаднакратных прызёраў вучаніцы СШ № 1 Арына Арцыменя і Аліна Краўчанка, Дзіяна Бондар з гімназіі, Алена Шаўчук з СШ № 3. Усяго ж у гэты дзень адзначылі 79 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных школ горада і раёна.
Прыемным мерапрыемства стала не толькі для вучняў, але і для іх настаўнікаў, якія таксама выклікаліся на сцэну. Адметна, што і сярод педагогаў нямала тых, чые выхаванцы кожны год у спісах пераможцаў алімпіяд. Напрыклад, настаўнік-метадыст з гімназіі Таццяна Львоўна Амбрушкевіч сёлета выдатна падрыхтавала Аляўціну Балвановіч і Дзіяну Бондар. Як у педагога атрымліваецца пастаянна разам з дзецьмі пакараць вяршыні? Поспех гарантуе штодзённая карпатлівая праца і вучняў, і ўласная. Трэція месцы ў пяці(!) вучняў Ганны Пятроўны Маісеенка, якая не толькі ўзначальвае СШ № 4, але і выкладае гісторыю. Для сябе педагог паставіла задачу, каб на наступны год кожны з яе алімпіяднікаў стаў як мінімум на прыступку вышэй. Няма сумненняў: запланаванае ажыццявіцца! Напрыклад, дырэктар гімназіі Святлана Юр’еўна Мамсікава летась на аналагічным мерапрыемстве паабяцала, што ўзятая гімназістамі планка не знізіцца — і час пацвердзіў: установа адукацыі зноў у лідарах па колькасці пераможцаў.
Шчырымі апладысментамі вітаў зал інтэлектуальную зборную Асіповіччыны. 26 старшакласнікаў будуць абараняць гонар раёна ў вобласці з 12 па 16 студзеня. Чакаем новых перамог!