Курэнню — стоп! З мэтай прафілактыкі захворванняў, звязаных з тытунекурэннем, актывізацыі работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця ў раёне з 17 па 20 лістапада пройдзе рэспубліканская антытытунёвая інфармацыйна-адукацыйная акцыя.
«Не прапальвай сваё жыццё!» — пад такой назвай з 14 па 29 лістапада праходзіць рэспубліканская акцыя з мэтай папярэджвання пажараў і гібелі людзей на іх. На сёння ў раёне адбылося 47 пажараў (2013 год — 45), 41 з якіх — на аб’ектах жылога сектара. У агні загінула 5 чалавек (4).
Дзяржаўная натарыяльная кантора раёна за 10 месяцаў ажыццявіла 5.045 натарыяльных дзеянняў. У прыватнасці, 640 па прыватызацыі кватэр, выдадзена 612 даверанасцей, здзейснена 203 выканаўчыя надпісы і інш. Часта жыхары звяртаюцца сюды і па вусныя кансультацыі.
У Цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва зафіксаваны 51 зварот грамадзян з Украіны. Усе яны атрымалі гуманітарную дапамогу. Асіпаўчане прымаюць актыўны ўдзел у забеспячэнні пацярпелых адзеннем, абуткам, мыючымі сродкамі, нават мэбляй. Многія тэлефануюць, пытаюцца, чым дапамагчы. Альтруізм не мае дзяржаўных меж.
У нашым філіяле ААТ «Белаграпрамбанк» кліентамі адкрыта 5,5 тысячы рахункаў, на якіх яны трымаюць зберажэнні. З іх 4.300 у айчынных рублях і 908 у доларах ЗША. Грашовыя сродкі ў расійскіх рублях і еўра захоўваюць нямногія. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца ўклады «Лінія росту 2.0″ і «Старт», у пенсіянераў — спецыяльны ўклад «Забота». А «Iндэксуемы», стаўка па якім прывязана да курса валюты, карыстаецца попытам не вельмі.
У прыватных падсобных гаспадарках жыхароў раёна налічваецца 524 галавы буйной рагатай жывёлы, з іх 427 кароў. Агульная колькасць коз і авечак — 604. Коней у гаспадароў 178, свіней — 1.764, трусоў — 3.017. У асаблівай пашане куры, гусі, качкі і індыкі — усяго 28.103 птушкі. Аматары мёду трымаюць 1.365 пчоласямей на 101 прыватнай пасецы.
Райвузлом электрасувязі пасля сканчэння ў чэрвені аптымізацыі сістэмы праваднога радыёвяшчання рэалізавана 1.150 радыёпрыёмнікаў «Мара». На сёння яго кошт складае 184.850 рублёў.
Прышчэпкі ад грыпу ў раёне атрымалі 14.355 чалавек. Больш за ўсіх клапоцяцца аб сваім і навакольных здароўі чыгуначнікі. Актыўнасць праявілі таксама работнікі ЦБП № 722 філіяла № 703 ААТ «Беларусбанк», раённага вузла электрасувязі, аўтапарка. З разуменнем аднесліся да правядзення вакцынацыі ў калгасах імя Чарняхоўскага, «Ясень», «Карытнае», «Каўгарскі».