З чаго складаецца любоў да вялікай і малой Радзімы? Непаўторная прырода, мілагучная родная мова, стракаты кветкавы абрус, музыка, што ідзе з глыбіні душы, ільняныя галоўкі з васільковымі дапытлівымі вачамі — гэта тое, без чаго не змагла б сфарміравацца асоба Уладзіміра Пятровіча АКУЛIЧА.
Углядаючыся ў невысокую, надзвычай рухавую постаць гэтага сталага чалавека з па-дзіцячы шчырай усмешкай, міжволі задумваешся: хто ён — настаўнік, краязнаўца, музыка? Ці проста добры чалавек? Вылучыць штосьці адно, дамінантнае, у гэтай асобе ў прынцыпе нельга. Настолькі пераплецены ў ім рознабаковыя якасці, таленты, індывідуальныя рысы і характэрныя асаблівасці — усё тое, што зараз укладаюць у слова «харызма».
Ён з павагай ставіцца да кожнага, — а лінія яго дзеянняў дыктуецца нейкімі ўнутранымі ўказаннямі, кіраванне ідзе з глыбінь душы. Ніколі не стараўся быць як усе, заўсёды вылучаўся з шэрага натоўпу. Гэты чалавек проста жы-ве. Насычаным, цікавым і рознакаляровым жыццём. Дзе вялікая роля адведзена любові. Да дзяцей, дарослых, вёскі, краіны, сакавітага роднага слова, птушак, што пралятаюць над хатай, бярозы, якая шапоча ля веснічак…
Адкуль усё пайшло? Мо, з дзяцінства? Яго бацька хадзіў у школу толькі адну зіму, затое быў вядомым на ўсю акругу гарманістам, сам рамантаваў інструмент, наладжваў галасы. Да спіртнога быў раўнадушны: зусім яго не спажываў, хоць граў на вяселлях, кірмашах і іншых святах. Такія ж адносіны да алкаголю перадаліся ў далейшым і сыну: настрой павінен ісці з душы, а не стымулявацца штучна.
Кожная вёска Старадарожчыны, дзе жылі бацькі, мела некалі свой каларыт, традыцыі, вызначалася вельмі цеснымі радавымі сувязямі. Так павялося, што кожны выхадны ў адным з населеных пунктаў збіраліся вялікімі сем’ямі, ладзілі свята. Напрыклад, родныя Кармазы прымалі гасцей на Юр’я, у наступную нядзелю адпраўляліся ў іншую вёску, дзе таксама жылі сваякі. Таму ведалі радню ва ўсіх разгалінаваннях у некалькі пакаленняў, мелі трывалыя зносіны. А таксама і раён свой пазнавалі і даражылі ім.
Вясковы юнак, нечакана для ўсіх, захацеў паступіць у інстытут кінематаграфіі. Ды не паспеў на экзамены: відаць, лёс рыхтаваў яму іншае поле дзейнасці. Скончыўшы геафак БДУ, па размеркаванні трапіў у Дараганаўскую санаторную школу-інтэрнат, што размяшчалася на тэрыторыі тагачаснай Старадарожчыны. Там і ўкараніўся. А прыродны артыстызм знайшоў свой нечаканы выхад.
Музычны інструмент хлопец так і не асвоіў, але як толькі чуў які-небудзь прыгожы народны матыў, ногі самі ішлі ў скокі. Любоўю да беларускага танца заразіў і вучняў. Наогул, адносіны навучэнцаў і педагогаў інтэрната, у якім дзеці жылі па некалькі гадоў, адрозніваліся ад узаемін у звычайнай школе. Яны былі больш напоўненымі эмацыянальна, цяплейшымі, так бы мовіць, сямейнымі. Дык вось, большасць выхаванцаў захапілася танцамі. Каб граматна навучаць іх гэтаму мастацтву, Уладзімір Пятровіч у 1974 годзе адправіўся браць урокі харэаграфіі ў заслужанага дзеяча мастацтваў Ларысы Алексютовіч. Доўгі час праходзіў навучанне ў вядомага беларускага балетмайстра. Кожная такая паездка дарыла гадзіны шчасця, бо ехаў, як сам прызнаецца, на спатканне з танцам. Харэограф настолькі праніклася любоўю «навучэнца» да народнага мастацтва, што таксама з радасцю чакала кожнай сустрэчы.
— Самым любімым стаў танец «Рушнікі», які прайшоў праз усё маё жыццё. Ніводнае раённае свята не абыходзілася без яго, — дзеліцца суразмоўца. — А аднойчы наш ансамбль народнага танца «Верасок» нават меў гонар зняцца для тэлеперадачы, аб артыстах Дараганаўскай санаторнай школы даведаліся ва ўсёй краіне.
Поспеху б не было, каб не падтрымка аднадумцаў. Загадчык райана Валерый Чупахін, дырэктары школы розных часоў Антаніна Сцяпанава, Мікалай Тамашоў, музычныя кіраўнікі Вольга Шыкаловіч, Святлана Раковіч і іншыя таксама мелі любоў да народнай музычнай скарбніцы, таму працавалі ва ўмовах цеснага кантакту.
Пазашкольная работа не перашкаджала асноўнай дзейнасці. Хутчэй наадварот, усё існавала ў цеснай інтэграцыі. Дзеці пазнавалі навакольнае асяроддзе, робячы акцэнт на асаблівасцях роднага краю. Так, калі ў фінале абласнога этапа конкурсу «Настаўнік года» давялося даваць адкрыты ўрок, педагог настолькі ўмела падвёў незнаёмых датуль вучняў да абмеркавання тэмы, што яны самі загаварылі пра культуру і адзін з яе напрамкаў — танец, а прывезеныя з роднай школы дзяўчынка і хлопчык прадэманстравалі не толькі беларускія нацыянальныя касцюмы, але і элементы «Лявоніхі» і «Крыжачка». Вучні былі актыўнымі, эмацыянальна ўспрынялі новы матэрыял, а настаўнік атрымаў у выніку трэцяе месца на конкурсе.
Аб якасці больш чым трыццацігадовай работы сведчаць шматлікія граматы і дыпломы, значок «Выдатнік народнай асветы», публікацыі прэсы. А самому настаўніку даражэй за ўсё павага і памяць вучняў.
Выпускнікі любяць гэты невялічкі домік, што прытуліўся ля роднай калісьці школы, а цяпер участковай бальніцы, і дарогу сюды не забываюць. Вось і тыдні два назад завітала 18 сталых ужо мужчын і жанчын, якія з вялікім замілаваннем успаміналі ўстанову адукацыі, любімых педагогаў, выступленні на мясцовых канцэртах… А шматлікія фота-здымкі Уладзімір Пятровіч беражэ, як старонку сваёй біяграфіі, самую яркую і маляўнічую…
Iна ЗАСКЕВIЧ. Фота Ніны ЦАРЫК.