З 27 кастрычніка працуюць школьныя лагеры з дзённым знаходжаннем. У іх праходзяць аздараўленне 380 вучняў. На харчаванне аднаго дзіцяці штодзень выдзяляецца ў сярэднім каля 30 тыс. руб. Бацькоўская даплата складае ад 95 да 135 тысяч.
Другія гарадскія спаборніцтвы па картынгу сярод юных спартсменаў з Асіповіч і Бабруйска прайшлі нядаўна ў нас. У барацьбе ўдзельнічала 5 каманд. Першую і трэцюю прыступкі занялі картынгісты-суседзі. У адной з нашых каманд — другое месца (трэнер Міхаіл Брэль).
Асіповіцкі філіял ААТ “Магілёўсаюздрук” прапануе землякам 1.334 найменні газет і часопісаў, у тым ліку — 60 калекцыйных выданняў.
Самыя актыўныя карыстальнікі паслуг інтэрнэт- і М-Банкінг — кліенты філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”: 1.600 чалавек — трэць агульнай колькасці трымальнікаў картрахункаў. У цэнтры банкаўскіх паслуг № 722 філіяла № 703 ААТ “Беларусбанк” карыстаюцца такой зручнасцю каля 5 тысяч асіпаўчан — амаль 21%, у “БПС-Ашчадбанку” — звыш тысячы асіпаўчан (12%).
Колькасць абанентаў раёна газазабеспячэння, якія абаграваюцца прыродным газам, за год павялічылася амаль на 600 чалавек і складае зараз 15 тысяч. Гэты від паліва выкарыстоўваюць і 35 прадпрыемстваў, у тым ліку і 2 рэлігійныя аб’екты. Звадкаваны газ — амаль у 11 тысяч дамах і кватэрах. Летам за суткі аб’ём ужытага газу складае каля 6 тысяч кубаметраў, зімой — 51 тыс. куб. Чакаецца, што да канца года да прыроднага блакітнага цяпла падключыцца яшчэ 81 чалавек.
У рамках праекта “Шлях да абеліскаў” гарадская дзіцячая бібліятэка нядаўна прымала сталічных вучняў кадэцкіх класаў СШ № 152. Рабяты пабывалі каля мемарыяльнага знака “Пушка”, наведалі Прошчу, дзе знаходзіцца пахаванне чырвонаармейцаў 32-й кавалерыйскай дывізіі, Алею Герояў.
Як паведамілі ў разлікова-касавым цэнтры № 14 філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”, з заўтрашняга дня ён будзе працаваць без выхадных.
Сумесным беларуска-аўстрыйскім ЗАТ “Шклозавод Ялізава” асвоена каля 100 відаў прадукцыі. Самым запатрабаваным вырабам лічыцца бутэлька для лікёра-гарэлачных заводаў, а таксама слоікі ёмістасцю ад 0,1 да 0,2 л і ад 0,5 да 4,0 л. Асноўныя заказчыкі — Расія, Аўстрыя.
Экскурсійнымі паслугамі Асіповіцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства сёлета скарысталася прыкладна 1.400 вучняў і 130 настаўнікаў. За гэты час было здзейснена 44 паездкі на суму звыш 437 мільёнаў. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца такія мясціны, як Хатынь, музей Вялікай Айчыннай вайны, Брэсцкая крэпасць-герой, а таксама забаўляльныя аб’екты: дэльфінарый, аквапаркі ў Жлобіне і Мінску.