7.220 гектараў — такі клін зоймуць гэтыя культуры: 2.683 га — жыта, 1.667 — трыцікале, 1.570 — пшаніца і 1.300 гектараў пой-дзе на зялёны корм жывёле. Найбольш актыўна ажыццяўляюцца работы ў калгасах “Новы шлях”, імя Чарняхоўскага. Усяго ж на ўчарашнюю раніцу ў раёне пасеяна 30% да запланаванага.
455 гектараў збожжа трэба пасеяць СВК “Калгас “Ясень”. Сёлета вырашана было ўнесці пэўныя змяненні ў карту зерневых палёў: на 50 гектараў павялічаны плошчы азімай пшаніцы, а пад жыта адведзена на столькі ж менш. Пшаніца больш выгадная ў плане рэалізацыі культура, ды і ўраджайнасць яе сёлета была вышэйшай, чым у жыта — 42 цэнтнеры на круг. Гэты сезон адметны і павелічэннем пасяўных плошчаў за кошт увядзення ў абарот пустуючых зямель. Так, расчышчана, узарана і падрыхтавана да сяўбы — пратравілі, унеслі неабходныя мінеральныя ўдабрэнні і арганіку — 100 гектараў.
Вясною гаспадарка ўзяла ў лізінг энерганасычаны трактар “Беларус-3522”, на якім робіць малады механізатар Сяргей СНIГIР. Тэхнікай працаўнік задаволены: адразу можна было канстатаваць больш высокую якасць апрацоўкі глебы, павялічылася і хуткасць выканання работ. Ды і, што немалаважна для таты дваіх дзяцей, зарплата на новым агрэгаце таксама больш прывабная.
Сяргей сам ясенскі хлопец. I з навакольнымі абшарамі, і з калгаснай тэхнікай знаёмы з дзяцінства — некалі механізатарам працаваў бацька. Калі ж Сяргею, дыпламаванаму будаўніку, які прыйшоў у сельгаспрадпрыемстве пасля заканчэння Асіповіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэя, гаспадарка прапанавала павучыцца яшчэ і на механізатара, згадзіўся без асаблівых ваганняў. I аб такім рашэнні, дарэчы, ніколі не шкадаваў: любая работа ў полі яму па душы. А калі яшчэ на ўзбраенні такая магутная тэхніка, то і наогул працуецца заўсёды з задавальненнем.
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.