Адукацыйны працэс даўжынёй у жыццё
Гэта школа стала сапраўды роднай для Тамары Астаповіч. І не дзіўна: яшчэ дзяўчынкай бегала па яе двары, вучылася пісаць першыя літары. Тут расла, сябравала, набывала веды, спасцігала сакрэты чалавечых узаемаадносін.
Вучылася заўсёды на «выдатна», аб чым сведчаць пахвальныя лісты ў школе і чырвоны дыплом, атрыманы ў Горацкім педвучылішчы, які дзяўчына скончыла ў 1988 годзе.
Яна магла выбраць любую гарадскую ўстанову адукацыі, і не толькі ў нашым райцэнтры. Але, не вагаючыся, абрала Пратасевіцкую школу — нашто ж мяняць на іншую, калі тут утульна і камфортна?
Толькі сцяжына да школьнага парога пралягала раней ад бацькоўскай хаты, што на Беларускай вуліцы, а цяпер вядзе з вуліцы Садовай аграгарадка Пратасевічы, дзе некалі малады спецыяліст атрымала дом.
Першы і адзіны дырэктар, з якім працуе і зараз — Мікалай Іванавіч Бранавіцкі. Калектыў быў знаёмым, вёска таксама, таму цяжкасцей з адаптацыяй да новай ролі не зведала.
Доўгі час працавала Тамара Антонаўна настаўнікам пачатковых класаў. Скончыла Мінскі педінстытут. А ў 2005 годзе была назначана завучам. І хоць работа цяпер больш накіравана на настаўнікаў, сапраўднае задавальненне дастаўляюць зносіны з вучнямі, асабліва малодшымі. Даверлівыя, няўрымслівыя, дапытлівыя — хіба з імі засумуеш?
Амаль трэць усяго педкалектыву сярэдняй школы — ураджэнцы гэтай жа вёскі. Ці ж гэта не прыклад таго, як трэба рыхтаваць кадры? І калі маладыя педагогі ад-працоўваюць адведзеныя 2 гады, яны не пакідаюць школу, а працягваюць прафесійную дзейнасць менавіта тут. У гэтым, думаецца, немалая заслуга і завуча, які стараецца стварыць спрыяльныя ўмовы для работы калег.
Пра сябе Тамара Антонаўна расказваць не любіць. Затое пра школу, калег і вучняў — з задавальненнем. Напрыклад, пра тое, што школьнікі, вывучаючы мясцовую мікратапаніміку, атрымалі другое месца ў абласным конкурсе навуковых работ, і, не маючы стадыёна і спартзалы, радуюць спартыўнымі дасягненнямі. А таксама пра супрацоўніцтва з англійскай дабрачыннай місіяй «Лінія жыцця — дзецям Чарнобыля», дзякуючы якому школа паглядае на свет шыбамі новых шклопакетаў, мае сучасную тэхніку, а дзеці атрымоўваюць магчымасць аздаравіцца.
Кіраўнік установы адукацыі характарызуе свайго намесніка так: «Высокаадказны чалавек, далікатны, ветлівы. Усё робіць добрасумленна. Адна з лепшых настаўніц. Заўсёды дзеліцца ведамі, вопытам. Карыстаецца аўтарытэтам у педагогаў і бацькоў. Яе любяць вучні».
1 верасня Тамара Антонаўна зноў скажа натхняльныя словы калегам, а дзяцей запросіць у класы, каб пачаць чарговы навучальны год. Пойдзе звыклы адукацыйны працэс, без якога завуч ужо не ўяўляе свайго жыцця.