Дзмітрый пасля заканчэння Жорнаўскай школы і каледжа МУС патрапіў на службу ў Асіповіцкі райаддзел міліцыі. На кватэру ўладкаваўся непадалёку — на вуліцы Дзяржынскага. Лагічна: на якой жа яшчэ жыць міліцыянеру, як не заснавальніка органаў унутраных спраў?
А дом аказаўся лёсавызначальным. Неяк размаўляў ля пад’езда з суседкай, да якой пады-шла аднакласніца. Аказалася, жыве абаяльная дзяўчына ў гэтым жа доме. Пазнаёміліся — і пачаліся рамантычныя адносіны. У выніку — вяселле… Дзяўчына толькі нядаўна скончыла школу, але бацькі падтрымалі выбар дачкі, бо будучы зяць спадабаўся: сур’ёзны і адказны.
Сям’я была створана ў 2006 годзе і хутка пачала павялічвацца. Калі чакалі першынца, сталі выбіраць імя. Вырашылі: «Дзяўчынку назавем Кацярынай, хлопчыка — Сярожам». Нарадзілася дачушка, а праз пэўны час і сын. Цяпер ім 7 і 4 гады. А яшчэ падрастае двухгадовая Жэня.
МIХАЙЛАВЫ пабудавалі кватэру ў новым мікрараёне, на Чарняхоўскага. Зрабілі рамонт. Навокал жывуць маладыя сем’і, у якіх нямала дзяцей. Але Каці, Сяргею і Жэні весела і ў родным калектыве. Забаў — хоць адбаўляй, а тата з мамай заўсёды падкінуць і новыя ідэі для гульняў.
Зараз Дзмітрый працуе старшым следчым следчага камітэта, Ганна — сакратаром гаспадарчай групы райаддзела адукацыі. Кацярына ўжо вучыцца ў школе, двое малодшых ходзяць у дзіцячы сад. Пасля работы ўсе збіраюцца разам, і гэтыя гадзіны самыя вясёлыя, цікавыя і запамінальныя. Вельмі любяць рабяты пагуляць з татам на спартыўнай пляцоўцы. Тут табе і горкі-арэлі, і даганялкі, і мяч, ролікі, веласіпедныя прагулкі. З дарослым заўсёды цікава. Тым больш, калі тата — моцны і смелы. «Буду таксама міліцыянерам», — з захапленнем усклікае Сяргей.
Яшчэ адно месца, якое нясе шмат пазнавальнага, гэта дача, дзе бабуля вырошчвае розныя смачныя ягады, садавіну і агарод-ніну, а дзядуля змайстраваў арэлі. Каця хваліцца, што дапамагала бабулі палоць клубніцы і гуляла з сабакам, а Сярожа займаўся мужчынскай справай — рамантаваў з дзядулем машыну. А яшчэ ён любіць сталярнічаць.
Ганне даспадобы кветкі — шмат іх насадзіла ў кватэры. Разводзіць розныя віды фіялак. Каця таксама далучаецца да кветкаводства. А яшчэ маленькая гаспадынька можа ўжо сама заварыць чай, парэзаць агародніну.
Вечарам перад сном, калі бацькі ўжо накармілі і памылі дзяцей, тыя з радасцю слухаюць казкі, якія чытаюць мама ці тата. Кожны з дзяцей заказвае сваю любімую.
У сям’і Міхайлавых няма дакладнага размеркавання абавязкаў. Неабходна — і тата наладзіць абед. Якую страву ён гатуе лепш за ўсё? Дзеці дружна адказваюць: «Боршч і кампот». А больш за ўсё ў сям’і любяць курыцу, запечаную з бульбай.
Якімі хочуць бачыць сваіх дзяцей бацькі? Тата, не задумваючыся, адказвае: «Шчаслівымі». Матуля дадае: «I здаровымі».
Калі на канікулах бабулі з дзядулямі забралі двух старэйшых, бацькі, якія засталіся толькі з малой Жэняй, у нязвыклай цішыні адчувалі сум. З адным дзіцём нецікава, лічаць яны. А вось с трыма жыццё напоўнена радасцю, смехам і бесклапотным шчабятаннем — нармальная дамашняя абстаноўка.
«Кожнаму дзіцяці трэба надзяляць хоць крыху вольнага часу, заўсёды з павагай ставіцца да іх пачуццяў і перажыванняў, выслухоўваць паведамленні і скаргі», — разважае галава сям’і. «I каб усе жылі ў атмасферы любові і ўзаемаразумення», — дапаўняе жонка. А Дзмітрый працягвае: «Хочацца, каб дзеці былі праўдзівымі, заўсёды дзейнічалі па законах сумлення».
Iна ЗАСКЕВІЧ.