Гэтыя навучэнцы Асіповіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа ўжо маюць пэўнае права называць сябе будаўнікамі. Па-першае, юнакі з групы рамонтна-будаўнічых работ, і праз год атрымаюць дыпломы па спецыяльнасцях тынкоўшчыкаў, маляроў, абліцоўшчыкаў. Па-другое, добрую закалку прахо-дзяць сёлета ў будаўнічым атрадзе, супрацоўнічаючы з самым вялікім сельгаспрадпрыемствам раёна. Адпрацаваўшы ў філіяле “Белшына-агра” ААТ “Белшына” адну змену, заўтрашнія будаўнікі засталіся і на наступны студатрадаўскі тэрмін — работа даспадобы. Наймальнікі забяспечылі падвоз моладзі з горада, гарачае харчаванне і г.д.
Асноўны працоўны фронт склалі малярныя работы: фарбавалі бетонныя агароджы на зернетаку, рабілі ў машынна-трактарным парку і складскім памяшканні. Якраз добрая практыка па спецыяльнасці — з пэндзлямі і фарбай устанавілі трывалае сяброўства.
“Хлопцы, дарэчы, усе асіпаўчане, з тых, хто не любіць марна траціць час, — расказаў пра сваіх падапечных майстар Міхаіл Кур’яновіч, — таму і скарысталіся магчымасцю стаць “байцамі” студэнцкага атрада. Гэта — добрая прафесійная школа. Ды і ўласна заробленыя грошы ніколі лішнімі не бываюць”.
Наогул, сёлета ў студатрадах задзейнічана ўжо каля 160 навучэнцаў мясцовага каледжа, а да канца сезона гэтая лічба будзе яшчэ большай. Самае цікавае лета — працоўнае!
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.