Сярод прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны Леанід ЗмачынскI дастаткова вядомы. Рабоце ў гэтай галіне аддаў 34 гады жыцця, за бездакорную працу ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ЖКГ, Магілёўскага абласнога і Асіповіцкага раённага выканкамаў. У 2003 годзе атрымаў спецыяльную прэмію Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года”, ён — заслужаны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны. А не так даўно стаў і героем міжнароднай энцыклапедыі “Лепшыя людзі”.
Як вядома, праект пад такой назвай аб’ядноўвае Беларусь, Казахстан, Расію і Украіну. Выданне расказвае пра прызнаных прафесіяналаў сваёй справы, якія многага дасягнулі, але імкнуцца ісці далей, да новых здзяйсненняў у інтарэсах суайчыннікаў.
Днямі “раёнка” пацікавілася ў Леаніда Сцяпанавіча, што для яго значыць новы тытул, да чаго ён абавязвае.
— Ніколі не імкнуўся за славай. Проста прывык працаваць добрасумленна — да гэтага бацькі прывучылі. А паколькі звязаў жыццё са службай хуткага рэагавання, як у народзе называюць наша прадпрыемства, то хацелася як мага лепш наладзіць быт асіпаўчан, добраўпарадкаваць памяшканні, дарогі, прывесці ў належны стан камунальныя сеткі. Справіцца з гэтай задачай дапамагала стабільная работа ўсяго калектыву.
— Што дастаўляе найбольшае задавальненне ад жыцця?
— Адчуванне таго, што твае дзеянні прыносяць карысць людзям.
— Якія чалавечыя якасці лічыце найбольш каштоўнымі?
— Шчырасць і прыстойнасць.
— Ці былі сітуацыі, калі прымалі няправільныя рашэнні?
— Кожны чалавек, калі ён заняты нейкай справай, не-не ды і памыляецца. Я — не выключэнне. З часам прыходзіць разуменне, што дапусціў промах, але жыццёвы сцэнарый зноўку не перапішаш. Сто разоў меў рацыю Роберт Раждзественскі: “Что-то я делал не так, извините: Жил я однажды на этой земле”…
— У любога чалавека перыядычна з’яўляюцца праблемы. Як да іх трэба адносіцца?
— Найперш стараўся вырашыць найбольш вострыя, у чым дапамагаў зладжаны калектыў. Галоўнае — рашэнне задачы даверыць таму, у чыіх здольнасцях, прафесіяналізме ёсць максімальная ўпэўненасць.
— Што матывуе больш — грашовая прэмія ці пахвала кіраўніка?
— I тое, і другое — цудоўныя стымулятары. Псіхалогія чалавека такая, што за добрыя ў яго адрас словы ён гатовы на многае. Аднак і пра матэрыяльны бок забываць нельга: гэта адна з важных складаемых зладжанага жыцця, а значыць, і станоўчага настрою.
— Якімі дасягненнямі асабліва ганарыцеся?
— Працаздольнасцю роднай арганізацыі, якая сёння можа вырашаць любыя пытанні. А таксама дочкамі — Святланай і Вольгай. Абедзве маюць вышэйшую медыцынскую адукацыю. Першая — кандыдат меднавук, другая — навуковы супрацоўнік інстытута неўралогіі. Радуе іх настойлівасць і жыццёвы аптымізм.
— Чым цікавіцеся ў вольны час?
— Люблю адпачываць на прыродзе. Крыху займаюся паляваннем. Ведаю выдатныя грыбныя мясціны. Слухаю інструментальную музыку. Многа чытаю. Падабаецца творчасць Iгара Губермана, Амара Хаяма. У апошняга прачытаў:
Чтоб мудро жизнь прожить, знать надобно немало, Два важных правила запомни для начала: Ты лучше голодай, чем что попало есть, И лучше будь один, чем вместе с кем попало.— Што пажадаеце землякам?
— Маральнага і фізічнага здароўя. I — пастаяннага руху наперад!
Гутарыла Ніна ВIКТОРЧЫК.