На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло 18 ліпеня пад началам старшыні Пятра Шукаловіча, найбольшая ўвага была нададзена чатыром пытанням.
Першае паўгоддзе ўжо ззаду, а таму найперш былі ўсебакова прааналізаваны вынікі работы галін народнай гаспадаркі раёна і выкананне бюджэту, даклады аб чым адпаведна зрабілі першы намеснік старшыні і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Васіль Пятроўскі і Ларыса Белая. I, як было адзначана, хаця меры па выкананні параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і павышэнню дзейнасці нашага народнагаспадарчага комплексу, безумоўна, прымаюцца, але паказчыкі задаволіць могуць далёка не па ўсіх напрамках.
Напрыклад, паказчык па энергазберажэнні за студзень-май склаў мінус 4,5% пры заданні на паўгоддзе мінус 3,8%. За 6 месяцаў за кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 15,3 тыс. квадратных метраў жылля — 100,2% да запланаванага. З перавыкананнем і тэмп росту рознічнага тавараабароту, большая за сярэднеабласную ўдзельная вага аб’ёму разлікаў за тавары цераз плацежныя тэрміналы банкаўскімі пластыкавымі карткамі. У эканоміцы Асіповіччыны створана 335 рабочых месцаў пры гадавым заданні 670. Бюджэт раёна па даходах за паўгоддзе выкананы на 101,2%; паступленні ўласных даходаў склалі 103,1% — 46,5% да гадавога плана. На 1 ліпеня наш кансалідаваны бюджэт выкананы з дэфіцытам звыш 9 млрд. рублёў. Запазычанасці па падатках і зборах у бюджэт няма. Расходы кансалідаванага бюджэту за 6 месяцаў склалі 96,3% да ўдакладненага плана. На фінансаванне галін мясцовай гаспадаркі пайшло больш чвэрці аб’ёму расходаў бюджэту, на сацыяльную сферу — 68,8%. Дэбіторская запазычанасць у параўнанні з пачаткам года павялічылася, крэдыторскай па стане на 1 ліпеня не маецца. Узровень рэгіструемага беспрацоўя ў нас усяго 0,2% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Справіліся з заданнем па збору адходаў шкла (50,1% гадавога задання) — выкананне дзяржзаказу на яго пастаўку адпавядае 63,5%, палімерных адходаў (50,4%), зношаных шын (54,6%). Забяспечваецца выкананне ўсіх 43 нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва.
Але хапае і пазіцый, дзе патрабуецца яўнае прыбаўленне. Да прыкладу, за студзень-май не дасягнуты прагназуемыя на паўгоддзе тэмпы росту экспарту тавараў і паслуг. Адстае ад плануемай выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, паслуг у разліку на 1 сярэдняспісачнага работніка. Не выканана заданне па росту зарплаты. За 5 месяцаў асвоена 343,4 млрд. рублёў інвестыцый у асноўны капітал, тады як на год прадугледжана 1,05 трыльёна. Адстаём і па тэмпу росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Вытворчасць малака, у прыватнасці, склала 96,9% да леташняга перыяду і 92,3% — да задання; яго рэалізацыя — адпаведна 98,4 і 88,3%; вытворчасць (вырошчванне) жывёлы паменшылася на 8,3%. Не дасягнуты мінулагодні ўзровень па аб’ёму рознічнага тавараабароту ААТ “Гандаль” (80,3%), райста (95,7%), асіповіцкім кустом ААТ “Жэлдорсэрвіс г. Магілёў” (96,2%). Пяць нашых арганізацый атрымалі страты ў памеры 194,2 млрд. рублёў. На год запланавана стварыць 45 камерцыйных арганізацый — рэальна за палову тэрміну іх з’явілася толькі 9. У наяўнасці адставанне са зборам (нарыхтоўкай) адходаў паперы і кардону (19,9%) — дзяржзаказ выкананы толькі на 24,8%, а таксама тэкстылю (17,6%).
Пералік “вузкіх” месцаў можна працягваць, але ў цэлым карціна, думаецца, зразумелая: калектывы павінны прыбаўляць. Таму і запрашаўся шэраг кіраўнікоў і для тлумачэння, і ў прынятым рашэнні вызначаны канкрэтныя меры-адказныя па пазіцыях, патрабуючых абавязковага выпраўлення, ліквідацыі адставання.
Пытанне аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур і дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату, па якому выступіла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Ала Некрашэвіч, таксама на пасяджэннях разглядаецца рэгулярна, але гэта не значыць, што яно страчвае актуальнасць. За паўгоддзе ў райвыканкам, напрыклад, паступіла 256 зваротаў грамадзян (летась — 247), з іх пісьмовых — 177 (143), вусных — 48 (54), электронных — 31 (50); у сельвыканкамы — 89 (99). Па-ранейшаму найбольш людзей хвалюе жыллёва-камунальная гаспадарка — 56, хаця гэта на 37,1% менш, чым летась. Больш стала зваротаў па пытаннях сельскай гаспадаркі і нарыхтовак (з 11 да 20), архітэктуры і будаўніцтва (24 – 34), аказання матэрыяльнай дапамогі (10 — 20). Павялічылася і колькасць зваротаў з боку юрыдычных асоб (7 — 11). Кіраўніцтвам райвыканкама за паўгоддзе праведзена 63 (21) прыёмы грамадзян, у ходзе якіх “узята на аловак” 48 (44) вусных зваротаў; па месцы жыхарства і ў працоўных калектывах іх было наладжана 14 (16 зваротаў) і столькі ж “прамых ліній” (18); на пастаянна дзеючую “гарачую лінію” райвыканкама звярнуліся 8 чалавек.
Па людскіх зваротах ДУКВП “Райсэрвіс” выкананы работы па цеплавой мадэрнізацыі дома № 39 па вул. Сташкевіча і асобных кватэр дома № 107 па вул. Рамашкі (Ялізава), рамонт даху жылых дамоў №№ 4, 80 і 40 па вул. Кірава, Каралёва і Сумчанкі, замена ўчасткаў труб гарачага водазабеспячэння дома № 9 па вул. Рабоча-Сялянскай.
У пятніцу Ларыса Белая выходзіла за трыбуну яшчэ раз — з інфармацыяй “Аб выніках праверак выканання фінансава-бюджэтнага заканадаўства, мэтавага і эфектыўнага выкарыстання сродкаў, выдзеленых выканаўчым і распарадчым органам, прадпрыемствам, арганізацыям і ўстановам Асіпо-віцкага раёна”. Праводзілася праверка за перыяд з 1 студзеня 2012 года па 31 сакавіка бягучага Галоўным упраўленнем Мінфіна краіны па Магілёўскай вобласці і фінаддзелам райвыканкама, і хаця пэўныя парушэнні выяўлены (райвыканкам, фінансавы і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Градзянскі сельвыканкам, філіял “Асіповіцкі райпалівазбыт” УКВП “Капітальнае будаўніцтва”, установа аховы здароўя “Асіповіцкая цэнтральная райбальніца”), яны, па вялікаму ліку, “рабочыя”. Матэрыялы кантралёраў аператыўна разгледжаны кіраўніцтвам, асобы, з-за якіх былі дапушчаны парушэнні, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, вызначаны меры па недапушчэнні падобнага ў будучым, грошы ў даход раённага бюджэту адноўлены ў поўным аб’ёме.