У чарговы раз у пачатку лета прыгожая Пастаўшчына сабрала разам удзельнікаў XVII Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.
Сюды з’ехаліся калектывы з усіх абласцей Беларусі і васьмі краін свету — Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Венесуэлы, Малдовы, Славакіі, упершыню — артысты з Грузіі: хор спевакоў Дзяржаўнага ансамбля песні і танца Аджарыі. Магілёўшчыну прадстаўляў ансамбль гарманістаў “Карытнянскія музыкі” СДК дзяржустановы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”.
Адметна, што якраз у тыя дні горад Паставы адзначаў сваё 605-годдзе, таму праграма фестывалю была разнастайная і вельмі насычаная: прэс-канферэнцыя з удзельнікамі, “Горад майстроў”, тэатралізаваныя канцэрт і шэсце, агляд-конкурс сельскіх панадворкаў, канцэрт класічнай музыкі ў касцёле, выступленне тэатра агню “Магратэя”, святочны феерверк…
Два дні артысты і майстры, аматары і прафесіяналы, якія аб’яднаны імкненнем захаваць традыцыі народнай музыкі, дэманстравалі сваё майстэрства на фестывальных пляцоўках. Урачыстае ж узнагароджванне пераможцаў конкурсу “Хто каго?” адбылося на заключным гала-канцэрце, і ансамбль нашых гарманістаў, якім кіруе Уладзімір Сушчык, атрымаў Дыплом III ступені ў намінацыі “Ансамблі народнай музыкі”, а вакальны дуэт прыпевачніц у складзе Людмілы Трубчанінай і Наталлі Малай — Дыплом у намінацыі “Народныя спевы і прыпеўкі.
Наталля ХАМЯНОК, загадчык сектара райаддзела народнай творчасці і культурна—асветніцкай работы.