Знаёмцеся:
старшыня Пратасевіцкага сельскага выканаўчага камітэта
Анатоль Дрывіцкі
Нарадзіўся ў 1960 годзе на Асіповіччыне ў в. Асавок. Пасля заканчэння вучобы ў Градзянецкай СШ паступіў у Магілёўскае вучылішча хімікаў. У 1979-1981 гадах служыў у арміі, а затым вырашыў працягнуць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе. У 1986 годзе, скончыўшы факультэт бухгалтарскага ўліку і эканомікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, атрымаў дыплом эканаміста.
Працоўную дзейнасць пачынаў на пасадзе галоўнага бухгалтара ў саўгасе “Карытнае”. Потым рабіў фінансістам на розных прадпрыемствах горада, з 2003 па 2011 год узначальваў Асіповіцкі філіял ААТ “Магілёўсаюздрук”, затым на працягу двух гадоў кіраваў ААТ “Асіповіцкі кансервавы завод”. З ліпеня 2013 года выконваў абавязкі старшыні Пратасевіцкага сельскага выканаўчага камітэта, а ў красавіку 2014 абраны яго старшынёй.
Анатоль Дрывіцкі — прыклад сучаснага кіраўніка: чалавек з шырокай эрудыцыяй, кампетэнтны ў многіх сферах, здольны прымаць правільныя рашэнні і адстойваць дзяржаўныя інтарэсы.
Старшыня сельсавета мае перад сабой задачы зрабіць жыццё землякоў больш зручным і культурным. Калі ж браць канкрэтныя справы, то наперадзе чакаецца рэалізацыя абласных праграм, у выніку чаго павінна быць ажыццёўлена газіфікацыя аграгарадка Пратасевічы і новых вуліц у Забалацці, вадаправода, зноў жа, у Пратасевічах і па вуліцы Асіповіцкай у Осаве.
Жанаты. Мае двух дарослых сыноў. Жонка Лілія Сяргееўна — дзяржслужачая.
У вольны час Анатоль Эдуардавіч любіць адпачываць на ўлонні прыроды ўсёй сям’ёй, чытаць мастацкую літаратуру.