Знаёмцеся:
старшыня Лапіцкага сельскага выканаўчага камітэта
Аляксандр Гарадзілаў
Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Пермскай вобласці.
Пасля школы працаваў трактарыстам цэха механізацыі калгаса “Чырвоны ўдарнік”. Затым была служба ў арміі. У 1984 годзе стаў студэнтам Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Вярнуўся ў родны калгас на пасаду інжынера па тэхніцы бяспекі. Рабоце ў сельскай гаспадарцы аддаў 10 гадоў, з якіх апошні год працаваў старшынёй калгаса “Камунар” з цэнтрам у Пагарэлым. З 2000 года па 2012 — майстар, інжынер Жорнаўскага цэха перапрацоўкі драўніны. Да абрання старшынёй Лапіцкага сельвыканкама — начальнік аховы ўчастка вайсковай часці 44540.
— Тэрыторыя сельсавета вялікая: амаль 30 населеных пунктаў, у якіх жыве каля 3 тысяч чалавек. Бачу і ведаю многія праблемы, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч. — Пастараемся разам іх вырашаць. Безумоўна, і сельскім жыхарам хочацца жыць камфортна: каб і вада была ў доме, і газавае ацяпленне. Многае ў гэтым накірунку ўжо зроблена, але не ўсё. Напрыклад, хацелася б газіфікаваць стары пасёлак Жорнаўкі. Магчымасці для гэтага ёсць. У Год гасціннасці будзем працаваць над пашырэннем аграэкатурыстычных паслуг. Хвалюючая тэма — пустуючыя дамы. Папярэдніцай многа зроблена ў гэтым напрамку, але і мне ёсць дзе намаганні прыкласці. Упэўнены, што дэпутацкі корпус дапаможа справіцца з многімі пытаннямі. У цэлым жа настрой, як кажуць, баявы. Жаданне зрабіць для сваіх жыхароў як мага больш добрых спраў ёсць. Будзем рухацца наперад!
Вольны час прысвячае хатнім справам, любіць парыбачыць. Знаходзіць хвіліны, каб пачытаць добрую кніжку.
Жонка Таццяна Iванаўна працуе спецыялістам па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг I катэгорыі аддзялення ЦБУ 722/116 аграгарадка Лапічы.
Мае дзвюх дарослых дачок Марыну і Алёну і ўнучку Дзіяну.