На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло ў пятніцу пад началам старшыні Пятра Шукаловіча з удзелам намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны краіны Валерыя Кавалькова і намесніка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Уладзіміра Шапялевіча, найбольшая ўвага была нададзена двум пытанням: “Аб рабоце арганізацый раёна па афармленні і прадастаўленні дакументаў для назначэння пенсій” і “Аб падрыхтоўцы народнай гаспадаркі раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2014-2015 гадоў”.
Iнфармацыю па першаму зрабіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Тамара Бурак. Яна адзначыла, што на ўліку ва ўпраўленні па стане на 1 красавіка стаіць 14.437 атрымальнікаў пенсій. Летась было назначана 853 пенсіі (прадстаўлена арганізацыямі 682), за сёлетнія студзень-сакавік — 248 (191). Ва ўсіх калектывах ёсць неабходныя нарматыўныя дакументы, пры-значаны людзі, якія адказваюць за падрыхтоўку і прадстаўленне дакументаў для назначэння пенсій, з імі праводзяцца семінары і індывідуальныя стажыроўкі і г.д. Але маюцца і пэўныя недахопы, якія абавязкова трэба выпраўляць.
Напрыклад, на нізкім узроўні застаецца працэнт прадастаўлення дакументаў для назначэння пенсій у поўным аб’ёме ў сельгасарганізацыях і прадпрыемствах жыллёва-камунальнай гаспадаркі, філіяле “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка”, ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас”. Недастаючымі дакументамі ў большасці выпадкаў з’яўляюцца даведкі аб зарплаце, працоўным стажы, перыядзе навучання. Не заўсёды своечасова прадастаўляюцца ў Фонд сацабароны насельніцтва звесткі пра зарплату і прафесійны стаж работнікаў. Падобнае прыводзіць да таго, што павялічваюцца тэрміны разгляду заяў, а ў асобных выпадках і да недаатрымання пенсіянерам пэўнай сумы пенсіі. Мелі месца выпадкі несвоечасовага прадастаўлення дакументаў для назначэння пенсіі па ўзросту ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”, Асіповіцкім вытворчым участкам ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”, АСВК “Калгас “Карытнае”. У калгасах “Чырвоны ўдарнік”, імя Чарняхоўскага, “Новы шлях”, “Каўгарскі” і ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” зафіксаваны выпадкі нявыплаты запазычанасці па страхавых узносах у Фонд сацабароны насельніцтва пры афармленні работнікаў на пенсію. Хапае фактаў несвоечасовага паведамлення аб прыёме на работу пенсіянераў, у выніку чаго летась утварылася пераплата грошай, якая зараз аднаўляецца. Таксама ў калгасах “Карытнае”, “Каўгарскі”, “Бярэзіна”, ААТ “Асіповіцкі камбінат бытавога абслугоўвання”, УКДВП “Асіповічырамбуд” не праведзена чарговая атэстацыя рабочых месцаў і г.д.
Наконт падрыхтоўкі нашых галін да працы ў будучыя халады падрабязную інфармацыю зрабіла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Гапоненка. Пасля высвятлення ўсіх праблемных момантаў, якіх хаця і небагата, але яны яшчэ існуюць у рэгіёне, члены выканкама зацвердзілі адпаведныя мерапрыемствы. Кіраўнікам нашых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый даручана забяспечыць пад персанальную адказнасць поўную аплату бягучага ўжывання энергетычных рэсурсаў і камунальных паслуг, рацыянальныя рэжымы цеплазабеспячэння, эканомнае выкарыстоўванне паліўна-энергетычных рэсурсаў і разлікі за іх карыстанне па паказчыках прыбораў уліку і г.д.
Натуральна, па ўзгаданых і іншых разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.