У гутарках з працаўнікамі розных ферм нярэдка даводзіцца чуць, што найбольшы дэфіцыт у гэтай прафесіі складае… час. Таму і вырашыла выявіць шляхам апытання, як правільна жывёлаводу арганізаваць свой дзень, каб усё ж мець якія хвіліны і для душы.
Ірына Наместнікава, загадчыца МТФ “Вязаўніца” філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”:
— Працаўнікам ферм трэба быць людзьмі арганізаванымі. Калі такой якасці не маеш, то дзе-небудзь — або на рабоце, або дома — пэўна не будзеш паспяваць. А хочацца, каб было ўсюды добра. Што тычыцца ранніх пад’ёмаў — у летні сезон гэта ў 4 гадзіны, то цяжка толькі спачатку, а потым прывыкаеш. Ну і гаспадыням трэба быць гатовым варыць боршч з вечара — інакш можна застацца і без абеду.
Кацярына Аляшкевіч, жывёлавод СВК “Калгас “Новы шлях”:
— У нашай рабоце без узаемадапамогі — нікуды. Напрыклад, адправіць дзяцей раніцай у школу ў мяне не атрымліваецца — гэта робіць муж. Ён жа дапамагае і па гаспадарцы ўвечары, па меры сіл і малых падключаем. Я ж маю магчымасць рабіць штосьці дома, калі прыходжу з фермы пасля кармлення жывёлы. А каб “не выпадаць з жыцця”, стараюся спалучаць некалькі спраў. Напрыклад, не проста гляджу тэлевізар, а ў гэты ж час прыбіраю, прасую ці чышчу бульбу — адно другому не перашкода. Канечне, сну не заўсёды хапае. Калі ўзімку яшчэ можаш удзень прылегчы, то летам ніколі не атрымліваецца. Але нічога, спраўляемся!
Віктар Усаў, аператар па дарошчванні цялят СВК “Калгас “Ясень”:
— Даводзіцца даглядаць дзве гаспадаркі — і калгасную, і ўласную: маю сваіх коз. Раніца, у залежнасці ад сезона, распачынаецца па-рознаму: зімой іду адразу на работу, а потым ужо завіхаюся каля коз, улетку спачатку ўдзяляю ўвагу свайму падворку, потым — на працу. Добра, што ферма знаходзіцца недалёка, бо за дзень не вельмі і набегаўся б туды-сюды. А яшчэ імкнуся выконваць работу хутка, не траціць час на ўсялякія размовы-перамовы — ёсць больш важныя заняткі!
Вера Мохава, аператар машыннага даення СВК “Калгас імя Чарняхоўскага”:
Не магу сказаць, што ўсё заўсёды паспяваю, але, па крайняй меры, спрабую. А каб работа ладзілася, прыдумваю сабе заахвочванне. Вельмі люблю чытаць — заўсёды стараюся ў плыні родных спраў хаця б паўгадзінкі выкраіць на гэты занятак. Пачытаеш крыху і, здаецца, нават стома не так адчуваецца. Ну і сучасная тэхніка добра дапамагае. Памятаеце, колькі часу і энергіі трэба было аддаць, каб памыць бялізну, асабліва калі сямейка немалая? Зараз затое машынку ўключыў — і далей парадкуй гаспадарку. Што ні кажы, а палёгка!
Валянціна КОРБАЛЬ.