Традыцыйны вясенні марафон не толькі адна з буйнейшых падзей у рэгіянальным календары спартыўнага жыцця, а і выдатны брэнд Асіповіччыны, тая выразная рыса, што робіць наш край прыцягальным для сур’ёзных айчынных і замежных аматараў бегу. Усяго за час правядзення нашых марафонаў яго дыстанцыю пераадолела больш за 3 тысячы стаераў з 50 гарадоў Беларусі і шэрагу замежных краін: Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Малдовы, Казахстана, ЗША…
Мінулы лёгкаатлетычны фэст быў адзначаны важнай зменай праграмы: замест традыцыйнай “дзясяткі” — дыстанцыі адлегласцю 10 кіламетраў — уведзена больш доўгая, 15-кіламетровая адлегласць. Навацыя была зроблена па просьбе суполкі “паўпрафесіянальных” бегуноў: для іх такі забег лічыцца больш статусным.
Што тычыцца колькасці ўдзельнікаў, то яна ад узгаданага “перафарматавання” істотна не змянілася, хаця на новую дыстанцыю ніхто з асіпаўчан выйсці не адважыўся. Тым не менш, на свята бегу ў Год гасціннасці сабралося каля 700 чалавек, у тым ліку спартсмены з Украіны, Расійскай Федэрацыі і 13 рэгіёнаў Беларусі.
У масавым забегу на дыстанцыю 2 кіламетры прызёрамі ў малодшай групе (6-8 класы) сталі Вераніка Трыбушэўская (СШ № 4), Руслан Гарнастаеў (г. Капыль), Іван Данільчанка (Свіслач), Надзея Саўко (Ялізава), Аляксандр Чупрыс (СШ № 3), Наталля Шэвалда (гімназія), а сярод старшых (9-11 класы) найлепшыя вынікі паказалі Крысціна Гоман (Вяззе), Раман Лапацін (СШ № 3), Ірына Пірожнік (Ялізава), Сяргей Сашчэка (Татарка), Святлана Калячка (Каменічы), Мікіта Васіленка (Цэль).
У шэрагу ўдзельнікаў класічнага марафону —усяго яго бегла 64 мужчыны і 9 жанчын — былі вядомыя чытачам “раёнкі” Раман Асаевіч — глуханямы стаер з Мінска, магіляўчанін Віктар Кучынскі, які спакойна пераадольвае найскладанейшую дыстанцыю ў свае 77 гадоў, наша зямлячка Таццяна Гурская. Яна, прынамсі, стала пераможцай у сваёй узроставай групе.
Таксама паказаў клас асіповіцкі бягун-ветэран Барыс Ліпскі: ён з найлепшым вынікам фінішыраваў на дыстанцыі 3 кіламетры.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.