Ведаць. Памятаць. Ганарыцца
Манументы і абеліскі, брацкія магілы і мемарыяльныя комплексы. Сціплыя і вялікасныя, у вёсках і гарадах. Гэта — даніна памяці тым, хто загінуў, вызваляючы нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На тэрыторыі Асіповіцкага раёна пасляваенным пакаленнем у розныя гады пастаўлена каля 150 помнікаў ахвярам вайны. Пад магільнымі плітамі спачывае больш за 6 тысяч чалавек. Сярод іх тры з паловай тысячы — невядомых… Кожны з іх — асобная чалавечая гісторыя і напамінак нашчадкам аб суровых гадах Вялікай Айчыннай.
Мясцовай уладай надаецца вялікая ўвага ўшанаванню гістарычнай памяці. На сайце райвыканкама створана спецыяльная інтэрнэт-старонка, дзе сабраны пашпарты ўсіх воінскіх пахаванняў, размешчаных у нас. У дні памятных дат да іх прыходзіць багата людзей, каб ускласці кветкі і нізка схіліць галовы перад светлай памяццю загінуўшых.
Усе пасляваенныя гады вядзецца актыўная пошукавая работа. Адраджаюцца з небыцця новыя імёны герояў, прыадчыняюцца таямніцы жорсткіх баёў. Вялікую лепту ў такую важную справу ўнеслі і чырвоныя следапыты савецкай пары. У кожнай школе існавалі падобныя атрады, дзякуючы ім узнавіліся сотні прозвішч. Дакладна вядома, што толькі ясенскімі вучнямі пад началам настаўнікаў, у тым ліку і Барыса Мураўскага, было ўстаноўлена больш за 400 імён герояў, якія лічыліся прапаўшымі без вестак. Не адставалі ад іх школьнікі з Ліпеня, якім дапамагаў былы дырэктар установы Анатоль Кернажыцкі. Разам яны адшукалі родных партызан-флегантаўцаў, якія пахаваны ў іх вёсцы. Цяпер эстафету пераняла сучасная моладзь. У рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” праводзяцца паходы і экскурсіі па баявых мясцінах, запісваюцца ўспаміны відавочцаў тых падзей, падымаюцца з зямлі астанкі герояў, устанаўліваюцца новыя помнікі…
Давайце ж і мы разам адправімся ў завочнае падарожжа па мясцінах раёна, каб яшчэ і яшчэ раз успомніць тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, абараняў куточак зямлі, дзе нам зараз мірна жывецца, дзе на палях каласуецца збажына, а ў лясах і садах весела спяваюць птушкі.
На землях сельсавета знаходзіцца 22 вёскі. Па дадзеных кнігі “Памяць”, у Вялікую Айчынную тут загінула 847 чалавек, з якіх — 65 партызан, 8 падпольшчыкаў. Не вярнуліся з фронту 542 жыхары.
Вялікая Гарожа
Трагедыя напаткала Вялікую Гарожу, дзе зімой 1943 года згарэла ў агні некалькі соцень мясцовых жыхароў.
Марыя Цімінская, якая цудам засталася жывая, праз дзясяткі гадоў пасля тых падзей так напіша ў адным са сваіх вершаў:
Сем магіл на ўсіх — Мая вёска ў іх, Мая выбітая Гарожа.У 1974 годзе тут пастаўлены помнік. Як сцвярджаюць відавочцы, пад абеліскам знаходзіцца капсула са спісамі прозвішчаў спаленых тым студзенскім днём жыхароў.
З успамінаў былой жыхаркі вёскі Марыі Міхайлік:
“Было цёмна. Немцы акружылі вёску і давай страляць. Потым па хатах пайшлі. Да нас таксама зайшоў адзін, у акулярах, такі высокі-высокі. А мы стаім усе каля печкі. Дык ён за мяне з братам — і на вуліцу: карову з хлява заставіў выгнаць. Мама з хаты таксама выйшла. Немец ёй у шыю стрэліў — тая і павалілася. У нашых вачах — слёзы, але маўчым, не крычым, бо бачылі, што тых, хто лямантаваў, забівалі. Калі фрыц кудысьці знік, тады мы вырашылі ўцякаць у лес цераз шашу, па балоце. А снег да пояса. На мне былі толькі галошы, але і іх згубіла. Стралялі доўга ў наш бок. Дзякуй Богу, куля ні разу не трапіла. Так прасядзелі ў лесе да вечара. Знайшлі месца партызанскае. Там яшчэ жар быў. Брат мне нейкімі анучамі ногі абкруціў. Пальцы ўсё ж такі адрэзалі...”
«Магіла сяржанта»
Сярод сасновага бору, непадалёк ад вёскі Вялікая Гарожа, ёсць яшчэ адна адзінокая магіла. У ёй пахаваны сяржант, які загінуў у баі з фашыстамі ў 1944 годзе пры вызваленні гэтага пасялення. Раней на ім было напісана імя байца, але з цягам часу шыльда знікла. Таму мясцовыя жыхары завуць гэты помнік “магіла сяржанта”…
Май
Вёска Май, што мясцілася раней у былым Замошскім сельсавеце, была знішчана фашыстамі разам з людзьмі і не адрадзілася. На жаль, пайшла ў нябыт назва паселішча, і пра яго існаванне напамінае толькі поле, дзе калісьці стаялі дамы сялян. Яно так і завецца зараз — “майскае”.
Ліпнікі
Многім добра вядома і ўрочышча Ліпнікі, якое знаходзіцца ў глухім лесе. У ім адбылася масавая гібель кавалерыйскай дывізіі.
З успамінаў Ю.Ф.Бабіны (г. Асіповічы):
“Да 3 жніўня многа кавалерыстаў сканцэнтравалася ў лесе Ліпнікі на паўднёвы ўсход ад Асіповіч. Месца гэтае было балоцістае і амаль не мела дарог. Тут кавалерысты аказаліся ў пастцы. Немцы акружылі іх у трохвугольніку Асіповічы-Карытнае-Татарка. На дарозе з Асіповіч на Карытнае на ўсіх перакрыжаваннях выставілі пасты з кулямётамі, а ў Каранах паставілі на прамую наводку нават артылерыю, падцягнулі бронецягнік. Уся чыгунка на гэтым участку апынулася пад абстрэлам.
У 14 гадзін, падняўшы ў паветра карэкціровачную авіяцыю, немцы пачалі абстрэл лесу. Агонь вёўся прыцэльна, па самых шчыльных скапленнях савецкіх казакоў. Коннікі спрабавалі прабіцца на ўсход да чыгункі цераз тарфянікі. Многія загінулі ў залітых вадой старых ямах торфараспрацовак. Тыя, хто дабраўся да чыгункі, гінулі ад агню бронецягнікоў”.
З успамінаў М.I. Глінскага:
“Так, сапраўды два палкі 32-й кавдывізіі з рэйду не выйшлі. А трэці быў значна абяскроўлены і практычна небаяздольны. Палкоўнік Н.Д.Шаўчэнка, маёр А.В.Казарэз, напэўна, загінулі”.
Нямногім удалося вырвацца з лесу Ліпнікі. Некаторыя кавалерысты, згубіўшы таварышаў, да халадоў хаваліся ў лясах. Мяркуюць, што тут 3-4 жніўня 1941 г. фашысты акружылі і знішчылі да двух палкоў, г.зн. каля паўтары тысячы воінаў. Каля тысячы чалавек трапілі ў палон.
На ўскрайку лесу, дзе рака Сіняя зліваецца са Свіслаччу, стаіць мемарыяльная пліта з надпісам: “Здесь 7 января 1944 года в неравном бою с врагами пал смертью храбрых один из организаторов партизанского движения в районе в период Великой Отечест-венной войны Сумченко Степан Сергеевич и разведчики партизанского отряда № 214 имени Калинина Борозна Михаил Андреевич, Коваль Иван Иванович, Бородавко Иван Александрович”.
У той дзень яны выконвалі важнае заданне і не здагадваліся, што загінуць у выніку здрады. Апынуўшыся на ўмоўным месцы, нечакана адчулі на сабе кулямётны агонь. Разгарэўся жорсткі бой. Адзін за адным гінулі сябры. Цяжкае раненне атрымаў і сам Сумчанка. Увесь акрываўлены, ён адпоўз да магутнага дуба. Патроны скончыліся. Немцы падыходзілі бліжэй і бліжэй. I тут прагрымеў магутны выбух…
Лучыцы
Непадалёку ад вёскі Лучыцы, каля пераезду праз чыгунку, знаходзіц-ца магіла. На ёй узвышаецца чырвоная зорка. Хто пахаваны тут? Невядома. Гавораць, што ваеннапалонны, які саскочыў з цягніка. Не хацеў, відаць, салдат апынуцца ў палоне. Варожая куля, пушчаная наўздагон, абарвала яму жыццё.
Iмя камсамолкі Рымы Кунько добра вядома асіпаўчанам. Як і тое, што загінула яна непадалёк ад вёскі Ясянец напярэдадні дня вызвалення раёна ў няроўным баі з фашыстамі, якія адступалі з Бабруйска. Сведкам тых падзей быў дуб, які і зараз стаіць на ўскрайку дарогі.
Верайцы
У вёсцы Вярэйцы на мясцовых могілках знаходзяцца два насыпы, пад якімі пахаваны мірныя жыхары, расстраляныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 годзе. Яны аб’яднаны адзіным абеліскам.
Аграгарадок Вяззе
У памяць пра 96 землякоў, якія не прыйшлі з вайны ў родны край, на жывапісным беразе вадасховішча ўзвышаецца скульптурная кампазіцыя. У цэнтры яе — фігура салдата-вызваліцеля. Ля падножжа — жывыя кветкі. Iх ускладваюць не толькі ў знамянальныя даты — маладыя пары, якія толькі ўзялі шлюб, па традыцыі абавязкова прыязджаюць сюды, каб аддаць даніну павагі абараняўшым радзіму за мірнае неба над галавой.
Замошша
Адна са свяшчэнных мясцін Вяззеўскага сельсавета — скульптура “Воін і партызанка”, якая знаходзіцца ў вёсцы Замошша.
…Лета 1944 года. У раёне Бабруйска акружана вялікая групоўка гітлераўцаў. У ноч на 29 чэрвеня нямецкі генерал загадаў любой цаной прарвацца на Асіповічы. I хаця фашысцкім ваякам цалкам здзейсніць план не ўдалося, усё ж фрыцы з’явіліся каля нашага райцэнтра. На падыходзе да горада, ва ўсходняй яго частцы, завязаліся баі. Вораг быў затрыманы, але напралом рваўся ўперад. Толькі ўсе, хто спрабаваў з боем прарвацца, знай-шлі тут сабе магілу. Савецкія воіны мужна абаранялі рубеж. I адстаялі яго. Цаной сваёй крыві і самога жыцця. Нашых байцоў, якія загінулі ў раёне вёскі Замошша, пахавалі ў наспех выкапаных магілах пад ружэйныя салюты і клятвы баявых сяброў.
Скончылася вайна. Залечваліся яе раны, разворваліся заросшыя хмызняком загоны. На кожным кроку ўсё напамінала аб цяжкім нядаўнім выпрабаванні. I хіба ж мог народ забыць тых, хто адстаяў свабоду, мір, шчасце?
Астанкі герояў па ініцыятыве грамадскасці былога Замошскага сельсавета былі перанесены на могілкі ў брацкую магілу. Хто яны, 33 байцы і афіцэры, што загінулі смерцю храбрых? Ніхто не ведаў. Як і іх маці, жонкі, сёстры, дзеці…
Настаўнікі і вучні Замошскай васьмігодкі пасля доўгіх і карпатлівых пошукаў устанавілі імёны і адрасы загінуўшых, знайшлі іх родных. У школу, сельсавет ішлі пісьмы з Алтая і Казахстана, Сібіры і Украіны, Паволжа і Туркменіі. I ў кожным побач з нявыказанай горыччу страты — цёплыя радкі ўдзячнасці за клопаты аб ушанаванні памяці байцоў. Гэтыя пажоўклыя ад часу лісты беражліва захоўвае цяпер загадчыца Замошскай бібліятэкі Наталля Барадаўка. Вось некалькі радкоў з пісьма Антаніны Анцюховай з Бранска:
“Дарагія мае сябры! Пішуць вам маці, сястра і брат загінуўшага пры вызваленні вашай вёскі дваццацігадовага салдата Анцюхова Міхаіла Ціханавіча. Колькі гадоў мы з жалем успаміналі аб тым, што дзесьці ў Беларусі згубілася магіла нашага сыночка і брата. I невядома было, куды паехаць, каб пакланіцца яго праху і пакласці на магілу букет жывых кветак. Аказваецца, яна не згубілася...”
Вытрымкі з пісьма Марыі Платанінай з Валгаграда: “Паважаныя таварышы! Атрымалі ад вас пісьмо, з якога даведаліся, дзе спачывае прах нашага любімага бацькі — Iвана Назаравіча Платаніна. Да гэтай пары нам было невядома, дзе ён загінуў. Цяпер я абавязкова прыеду, каб пакланіцца праху роднага чалавека...”
Помнік устаноўлены па ініцыятыве і з дапамогай мясцовай грамадскасці ў скверы. Побач з ім — тры мемарыяльныя пліты з імёнамі 173 жыхароў былога сельсавета, што загінулі ў час вайны.
Па словах Наталлі Барадаўкі, калісьці тут праходзілі піянерскія зборы, у святы выстаўляліся ганаровыя вахты — уся работа па выхаванні патрыятызму ў дзяцей вялася вакол гэтага месца. На жаль, цяперашнія школьнікі наўрад ці ведаюць тыя жудасныя старонкі гісторыі роднай вёскі. I, акрамя чыгуначнікаў, якія даглядаюць помнік, сюды амаль ніхто не наведваецца…
З нагоды. Iван Вярыга, старшыня Вяззеўскага сельсавета: “Наш абавязак — свята захоўваць кожнае пахаванне, звязанае з вайной. Вось і на днях памяняем адзін з помнікаў, што на брацкай магіле, дзе пахаваны прах мірных жыхароў вёскі Вялікая Гарожа, якія былі знішчаны фашыстамі. Каб памяталі нашчадкі…”
Падрыхтавала Ніна ВIКТОРЧЫК.
Очень интересные и своевременные материалы по истории родного края. Думаю, что автор и редакция не будут против, если часть информации (естественно со ссылкой на первоисточник) разместится на проекте «Глобус Осиповичского района» — http://restinbelarus.by/?p=192#more-192
Спасибо, автор и редакция совершенно не против. Вы дополнили нашу информацию не менее интересной своей. Думается, осиповчанам будет интересно узнать как можно больше подробностей.