Эканоміка малога горада
За апошнія паўгода IПВУП “Парфумерна-касметычная фабрыка “Сонца” нямала зрабіла, каб замацавацца ў шэрагах папулярных вытворцаў сінтэтычных мыючых сродкаў (CМC).
Цалкам спраўдзіла маркеталагічныя разлікі стаўка на прасоўванне на рынак распрацаванай спецыялістамі прадпрыемства экалагічна-бяспечнай прадукцыі — безфасфатных пральных парашкоў April Evolution. Гэта апошняе слова ў развіцці тэхналогіі выпуску мыючых сродкаў: атрыманне высокіх якасных паказчыкаў у СМС без ужывання шкодных для прыроды фосфарутрымліваючых арганічных злучэнняў стала магчымым толькі ў апошнія гады.
Таксама аптымістычна выглядаюць перспектывы запатрабаванасці лініі спецыяльных сродкаў Suprim. Пад гэтай маркай ужо выпускаюцца адбельвальнік і плямавыводнік, а ў хуткім часе з’явяцца ў продажы сродак супраць накіпу і ачышчаная па спецыяльнай тэхналогіі вада для прасаў.
Практычна ўсё гатова і да пачатку вытворчасці шырокага спектру касметычных сродкаў: шампуняў, бальзамаў, геляў для душу, вадкага мыла і г.д. Адзінае, што стрымлівае — адсутнасць пэўных кампанентаў, якімі трэба даабсталяваць ужо працуючую лінію разліву. Фірма, якая ўзялася зрабіць для “Сонца” гэты тэхналагічны рыштунак, сутыкнулася з праблемамі пры стварэнні неабходных асіповіцкім парфумерам складаных вузлоў і дэталей.
Аднак і наяўны “арсенал” асвоенай прадукцыі дазваляе кампаніі займаць каля трэці беларускага рынку мыючых сродкаў і ўпэўнена нарошчваць экспартны патэнцыял. Сёння вырабы пад “сонечным” гандлёвым знакам прадаюцца ў Расіі, Малдове, Літве, Туркменістане, Украіне. Заключаны дамовы аб пастаўках пральных парашкоў у Кыргызстан.
Найбольш перспектыўным накірункам для міжнароднага гандлю маркетолагі прадпрыемства лічаць нашу паўднёвую суседку — Украіну: попыт на асіповіцкія СМС тут расце найбольш уражваючымі тэмпамі.
Распаўсюджванне прадукцыі па самых розных рэгіёнах свету робіць актуальным пытанне: як жа падтрымліваецца ўзровень ачышчальных вартасцей мыючых сродкаў пры растварэнні іх у вадзе з розным складам натуральнага хіміка-біялагічнага “фону”?
Па словах намесніка дырэктара па вытворчасці Сяргея Крывенкі, кожны выпускаемы прадукт разлічваецца на стабільную работу ў найбольш цяжкіх умовах — з вадой максімальна высокай жорсткасці. Таму, прынамсі, у мяккай асіповіцкай вадзе мыючыя сродкі мясцовай вытворчасці спраўляюцца са сваімі “абавязкамі” найлепшым чынам.
Дзмітрый САЎРЫЦКI.