У чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло 19 сакавіка пад началам старшыні Пятра Шукаловіча, актыўны ўдзел прынялі першыя намеснікі міністра культуры і адукацыі краіны Уладзімір Карачэўскі і Аляксандр Жук, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец і Алег Стэльмашонак. Усяго было разгледжана больш за 40 розных пытанняў, але галоўнымі сталі два: аб дадатковай адукацыі дзяцей і падлеткаў у галіне культуры і мастацтва, перспектывах развіцця дзіцячых школ мастацтваў раёна і аб прафілактычнай рабоце, праводзімай РАУС і іншымі суб’ектамі прафілактыкі па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці.
Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Iрына Раманчук, у нас працуюць 3 дзіцячыя школы мастацтваў у горадзе (879 вучняў) і 7 з 12 філіяламі (587) — у сельскай мясцовасці. 3 2012 года ўсе яны набылі статус юрыдычнай асобы, а дзеля аптымізацыі ва ўстановах культуры раёна летась скарочана 39,45 адзінкі педставак. Вучні займаюцца на 7 аддзяленнях: інструментальным, харавым, эстрадным, харэаграфіі, тэатральным, мастацкім і народнай творчасці; у ДШМ № 1 на пазабюджэтнай аснове дзейнічаюць падрыхтоўчае аддзяленне і група “Выхадны дзень”. Мастацкай адукацыяй у раёне ахоплена 32,9% колькасці вучняў 1-9 класаў агульнаадукацыйных школ (па вобласці — 29,6%), з імі працуюць 145 настаўнікаў, з якіх 132 — штатныя.
За 2011-2013 гады на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ДШМ накіравана немалая сума: на рамонты — 854,7 млн. рублёў, на набыццё музычных інструментаў, тэхабсталявання, сцэнічных касцюмаў і абутку і г.д. — 468,1 мільёна.
Творчымі калектывамі педагогаў і вучняў штогод праводзіцца больш за 200 канцэртаў, тэатралізаваных прадстаўленняў, выстаў; у наяўнасці 6 калектываў, маючых званне “ўзорны”; за 2010-2013 гг. навучэнцамі атрымана 36 дыпломаў розных ступеняў за ўдзел у конкурсах міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў.
Але разам са станоўчым ёсць і праблемы. Не хапае, напрыклад, педагогаў па класу фартэпіяна, скрыпкі, гітары, баяна, харэаграфіі, патрабуюцца капрамонты ДШМ №№ 1 і 2, абнаўленне музычнага парка і г.д.
Што тычыцца другога пытання, то падрабязную інфармацыю па ім зрабіў начальнік райаддзела міліцыі Уладзімір Рыжанкоў. Галоўнае — прымаемыя меры дазволілі захаваць станоўчую тэндэнцыю скарачэння як агульнай, так і рэцыдыўнай злачыннасці. Па лініі крымінальнага вышуку, напрыклад, апошняя склала 55,6% (2012 год — 56,6%, вобласць — 45,9%), а па ўсіх службах — 49,1% (адпаведна 55,2 і 44,3%).
Асноўныя прычыны здзяйснення злачынстваў асобамі, якія маюць судзімасць, вядомыя: недастатковая прафілактычная работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, злоўжыванне ўзгаданай катэгорыяй людзей спіртнымі напоямі, нежаданне імі працаўладкоўвацца і наогул рабіць, сацыяльная і бытавая неўладкаванасць. Натуральна, над гэтым супрацоўнікі РАУС са сваімі памочнікамі і будуць працаваць.
Плюс, асаблівай увагі сёння патрабуе моладзь. I не таму, што нашы юнакі і дзяўчаты дрэнныя — проста ўсё больш распаўсюджваецца такое зло, як спайс. А таму і паставіць на яго шляху належную заслону, каб зберагчы будучае пакаленне, вельмі і вельмі важна.
Абмеркаванне ўзгаданых пытанняў на пасяджэнні праходзіла актыўна, і шэраг слушных заўваг увайшлі ў прынятыя рашэнні.