Дружна і зладжана распачалася пасяўная кампанія ў ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”. У механізаванае звяно, якое займаецца падрыхтоўкай глебы і сяўбой, уваходзяць механізатары Юрый Плышэўскі, Сяргей Баразна, Адам Крывашэеў і Анатоль Крот (на здымку). Гэтым адказным хлебаробам сельгаспрадпрыемства смела даручае лепшую тэхніку. Ад руплівасці хлопцаў, па вялікім рахунку, залежыць, наколькі ўдалым будзе ўвесь сельскагаспадарчы сезон. Яны з’яўляюцца прыкладам у працы і для іншых механізатараў.
Сёлета аграрыям “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэння” трэба пасеяць 340 гектараў яравых зерневых і зернебабовых: ячменю — 130 гектараў, аўса — 80, 10 га грэчкі ды 120 зоймуць зернебабовыя.
— Выходзім у поле з задавальненнем, — падзяліўся галоўны сейбіт гаспадаркі (механізатар адзін спраўляецца з гэтай ганаровай місіяй) Адам Крывашэеў. — Сяўба, безумоўна, больш падабаецца, чым рамонт тэхнікі, хоць і ён таксама вельмі важны. Сёлетняя вясна дазваляе выконваць работу планамерна і спакойна. Няма такога адхілення ад графіку, якое было летась з-за неспрыяльнага надвор’я. Зараз у пагодлівыя дні працуем з самай раніцы і да 7 гадзін вечара. За дзень на сваім энерганасычаным “Беларусе-3022” спраўляюся прыкладна з 25 гектарамі ворыва.
На сёння гаспадарка ўжо засеяла амаль трэць запланаваных на вясну пад збожжа і зернебабовыя плошчаў. Першым легла роўнымі радкамі ў зямлю насенне ячменю.
Фота Ніны ЦАРЫК.