ВЫБАРЫ-2014
Учора ўсе нашы выбарчыя ўчасткі гасцінна адчынілі свае дзверы — датэрміновае галасаванне па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў ХХVII склікання стартавала. Як паведаміў старшыня раённай выбарчай камісіі Аляксандр Шаўлюга, працаваць участкі для тых, хто вырашыў патрапіць сюды раней нядзелі, будуць да 22 сакавіка ўключна з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін.
Як і раней, сёлетнія выбары таксама не абыдуцца без назіральнікаў. Невядома, канечне, хто на працягу тыдня ці непасрэдна 23 чысла завітае ў рэгіён звонку, а вось раённымі грамадскімі фарміраваннямі такіх прадстаўнікоў вылучана 116 — ад Кампартыі Беларусі, ГА “Белая Русь”, “БРСМ”, “Беларускі саюз жанчын”, прафсаюзных арганізацый і г.д.
Прэтэндэнты на дэпутацкі мандат са сваімі камандамі з ліку давераных асоб агітацыйнай дзейнасцю могуць працягваць займацца непасрэдна да асноўнага дня выбараў — уключаючы суботу. I менавіта зараз яны якраз і выйшлі на пік работы. Пераканаўчы прыклад — з’яўленне на паўночным і паўднёвым баках горада пікетаў у падтрымку патэнцыяльных дэпутатаў абласнога Савета.
Апошнія, як і прэтэндэнты на абранне дэпутатамі ў райсавет, працягваюць актыўна сустракацца з працоўнымі калектывамі і людзьмі па месцы жыхарства. Напрыклад, такія сустрэчы адбыліся з калектывамі ўсіх гарадскіх і шэрагам вясковых школ, Асіповіцкага вытворчага ўчастка ААТ “Бабруйскі КХП”, ДРБУ-199, дзіцячай школы мастацтваў № 1 і г.д. — іх зафіксавана ўжо каля сотні. Плюс, тры дзясяткі землякоў-кандыдатаў данеслі свае меркаванні наконт будучай дэпутацкай дзейнасці праз раённы радыёэфір, а многія вырашылі скарыстаць магчымасць адкрыта пагутарыць з людзьмі яшчэ і ў чацвер — на адзіным дні інфармавання насельніцтва.
Да 23 сакавіка — лічаныя дні, а значыць, усё менш часу не толькі для агітацыі, а і для канчатковага вызначэння выбаршчыкамі “свайго дэпутата”. Ці кожны ўжо дакладна вырашыў, каму аддасць голас?