СЕЗОН ПАЛЯВАННЯ на самцоў вальдшнэпа, качараў адкрыецца 5 красавіка і працягнецца да 11 мая. У гэты ж час можна паляваць і на пралётных гусей. Паляўнічаму дапускаецца мець пры сабе выжала альбо спаніэля для росшуку забітай птушкі. Выкарыстанне сабак іншых парод забараняецца. Пуцёўка на адзін дзень палявання каштуе 50 тысяч рублёў, на сезон — 250. Паляванне дазволена па суботах-аўторках, а таксама ў святочныя дні.
У ЛІКУ ПЕРАМОЖЦАЎ праведзенага абласной прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў АПК агляду-конкурсу на лепшую работу па стварэнні належных умоў працы і вытворчага быту для працаўнікоў машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў ёсць і прадстаўнік Асіповіччыны — МТФ калгаса “Бярэзіна”.
НА ГЭТЫМ ТЫДНІ наведалі сумеснае закрытае акцыянернае таварыства “Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод” вучні шэрагу ўстаноў адукацыі раёна: СШ № 3, гімназіі, Дараганаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Праведзеныя экскурсіі дазволілі падлеткам пазнаёміцца з тэхнікай і тэхналогіяй завадской вытворчасці, рознымі прафесіямі, умовамі працы. Цікавасць з боку падрастаючага пакалення да прадпрыемства дае права спадзявацца, што некаторымі юнакамі і дзяўчатамі пры паступленні будуць абраны менавіта тыя спецыяльнасці, якія ў будучым дазволяць працаваць на гэтай сучаснай вытворчасці.
САНІТАРНА-ЭПІДЫЯЛАГІЧНАЯ СЛУЖБА РАЁНА ў вясновы перыяд узмацняецца дзяржаўны нагляд за якасцю вады ў грамадскіх калодзежах. На сёння працэнт нестандартных проб па мікрабіялагічных паказчыках складае 8, па фізіка-хімічных — 11,6. У першую чаргу павінны праяўляць пільнасць самі карыстальнікі калодзежаў. У прыватнасці, трэба абавязкова кіпяціць ваду перад ужываннем, для харчавання дзяцей лепш выкарыстоўваць бутыляваную ваду. Рэкамендуецца правесці чыстку калодзежаў: цалкам вычарпаць альбо выкачаць ваду, прамыць сцены, пажадана з прымяненнем хлораўтрымліваючых рэчываў, і даць магчымасць калодзежу запоўніцца чыстай вадою.
ДРУГУЮ ПРЭМІЮ ў міжнародным літаратурным конкурсе “Сям’я. Адзінства. Айчына” атрымала наша зямлячка Лёля Багдановіч. Паэтка апошнім часам не толькі піша многа вершаў на самую разнастайную тэматыку, але і праводзіць шматлікія сустрэчы. З-пад нястомнага пяра Лёлі Уладзіміраўны выходзяць рыфмаваныя радкі для рознай аўдыторыі — як для дарослых, так і для юных чытачоў. Нярэдка яе творы з’яўляюцца і на старонках “Асіповіцкага краю”.