Напачатку лютага ў трохкутніку, што ляжыць паміж вёскамі Усціж, Шэйпічы і прыпыначным пунктам “Брыцалавічы”, праводзіўся пошук гняздоўяў чорнага бусла і рэдкіх відаў драпежных птушак. Арганізатарам даследавання, якое стала чарговым крокам у рэалізацыі амбіцыёзнага плана — надання ахоўнага статусу лясам, якія ўтвараюць так званую “Брыцалавіцкую пушчу” (гл. “Брыцалавіцкая пушча”, “АК” № 83 ад 15.10.2013 г.), стала грамадская экалагічная арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ([email protected]).
У пошуках было ў сукупнасці задзейнічана больш за паўсотню чалавек — прафесіянальных арнітолагаў і валанцёраў, у тым ліку настаўнікаў і вучняў Ліпенскай школы.
Вынікі назіранняў
Усяго ўдзельнікі экспедыцыі абследавалі 5 участкаў лесу, у 4 з якіх раней існавалі гняздоўі чорнага бусла і малога падворліка. На пятым участку, размешчаным на левым беразе ракі Бярэзіна, даследаванні раней не праводзіліся. Ён быў абраны зыходзячы са “зручнасці” для рэдкіх птушак — наяўнасць старых шыракалістых і чорнаальховых лясоў, блізкасць да забалочанай бярэзінскай поймы, нізкі антрапагенны ціск.
Першы ўчастак лесу размяшчаўся на паўднёвы ўсход ад вёскі Усціж і ўяўляў сярэднеўзроставы змешаны лес з развітым падлескам ды вялікай колькасцю валежніку. На плошчы 1 км2 было знойдзена адно гняздоўе, якое, хутчэй за ўсё, належыць малому падворліку.
Пошукі на другім і трэцім участках (масівы плошчай 2 км2 адпаведна на захад ад вёскі Шэйпічы і на паўднёвы захад ад вёскі Усціж) не далі станоўчага выніку, аднак патэнцыяльна мясцовая драўнінная расліннасць — чорнаальшанікі, ельнікі, змешаныя лясы — вельмі спрыяльная для гнездавання рэдкіх птушак.
Чацвёрты выдзел (2 км2) знаходзіўся на поўдзень ад прыпыначнага пункта “Брыцалавічы”. Нягледзячы на даволі актыўную гаспадарчую дзейнасць — праз яго праходзіць дарога для вывазу нарыхтаванай драўніны, тут існуе як мінімум адно гняздоўе птушкі-“чырванакніжніка” — беласпіннага дзятла.
Апошняя дзялянка — на захад ад в. Люціна, Клічаўскі раён — аказалася найбольш багатай на знаходкі: на “стандартнай” плошчы ў 2 км2 удалося выявіць 6 гняздоўяў, якія, верагодна, належаць чорнаму буслу, малому падворліку і асаеду еўрапейскаму.
Што далей?
Па інфармацыі, атрыманай з АПБ, здабытыя падчас экспедыцыі звесткі былі выкарыстаны для папаўнення анлайн-базы па маніторынгу тэрыторый, важных для птушак (www.iba.ptushki.org). Ужо распрацавана праграма далейшых дзеянняў, асноўны акцэнт у якой будзе рабіцца на стварэнне сеткі захавальнікаў Брыцалавіцкай пушчы і наданне ёй ахоўнага статусу “Рамсарскае ўгоддзе” (водна-балотнае ўгоддзе, якое мае міжнароднае значэнне ў якасці месца існавання вадаплаўных птушак).
Першая акцыя — устаноўка на ўчастках з гняздоўямі рэдкіх птушак папера-джальных аншлагаў і стварэнне на базе Ліпенскай школы арніталагічнага назіральнага пункта — запланавана на красавік.
Прынамсі, дырэктар ДУА “Ліпенскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” Жанна Курыльчык перспектывы супрацоўніцтва з навукоўцамі і экспертамі ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ацэньвае вельмі аптымістычна. Яна слушна лічыць, што ўдзел у важнай прыродаахоўнай справе можа стаць для мясцовых школьнікаў карыснай і захапляльнай справай.
Пра тых, чые гняздоўі знайшлі
Беласпінны дзяцел
Знешне падобны на вялікага стракатага дзятла (найбольш распаўсюджаны від дзятлавых у нашай краіне), але адрозніваецца белай ніжняй часткай спіны і белымі ўнутранымі махавымі пер’ямі. Засяляе спелыя ліставыя і змешаныя лясы з вялікай колькасцю хворых і гнілых дрэў, асаблівую перавагу аддае старым бярэзнікам.
Скрытная і малапрыкметная птушка, аднак прысутнасці чалавека не пазбягае. Жыве аседла. Часам восенню і зімой здзяйсняе вандроўкі на невялікія адлегласці, але вясной звычайна вяртаецца ў той жа раён, што і ў папярэдні год. Дупло для гнязда кожную вясну робіць новае.
Малы падворлік
Вага да 2 кілаграмаў, даўжыня цела 57-68 сантыметраў, размах крылаў каля 1,7 метра.
Мае характэрнае — “арлінае” — аблічча, у палёце падобны на канюка. Пер’е дарослай птушкі бурае, больш цёмнае на крылах. Дзюба і кіпцюры чорныя, лапы жоўтыя.
Сілкуецца пераважна дробнымі грызунамі (мышы, зайчаняты) і жабамі. Выпадкова можа з’есці яшчарку ці змяю. Сваю здабычу малы падворлік ловіць з зямлі, пільнуючы яе на якім-небудзь узвышшы.
Гняздуецца ў вільготных ліставых і змешаных, радзей яловых лясах па суседству з адкрытымі ўгоддзямі, на якіх вядзе паляванне. Характэрная рыса гняздоўя — “упрыгажэнне” сценак зялёнымі лапкамі яліны альбо свежымі галінамі ліставых дрэў. Калі пару птушак не турбуюць, яна можа займаць адно і тое ж гняздо шмат гадоў запар. У працэсе развіцця птушанят больш слабыя гінуць, таму з кожнай кладкі яек вырастае толькі адна маладая асобіна.
Чорны бусел
Па сваіх памерах крыху меншы чым белы — даўжыня да 1 метра, маса да 3 кілаграмаў.
Лад жыцця чорнага бусла вывучаны слаба. Птушка вельмі асцярожная, любіць сяліцца ў глухіх, старых лясах па суседству з балотамі, далінамі рэк або забалочанымі лугамі. Аднак у апошні час пачасціліся выпадкі гнездавання недалёка ад паселішчаў чалавека, каля высечак, дарог, на штучных вадаёмах, паўторна забалочаных тэрыторыях.
Разарваны арэал распасціраецца праз усю Еўразію, лакальна ў паўднёвай частцы Афрыкі.
Самая буйная папуляцыя чорнага бусла ў свеце знаходзіцца ў Беларусі — на балотным масіве Званец, што на поўдні Брэсцкай вобласці.
Нягледзячы на генетычную блізкасць і падабенства ў паводзінах, вывядзенне гібрыдных птушанят з белым буслом немагчыма.
Асаед еўрапейскі
Драпежная птушка з сямейства ястрабіных. Даўжыня цела да 60 сантыметраў, размах крылаў да 1,5 метра, вага дарослых асобін ад 500 да 1.000 грамаў. Апярэнне спіны шэра-бурае, брушка белае з шаравата-жоўтым адценнем у самцоў і бурае з цёмнымі плямкамі або стракацінамі ў самак. На хвасце 3 шырокія белыя паласы.
Існуе на тэрыторыі ўсёй Еўразіі, аднак у Беларусі сустракаецца рэдка. Гняздзіцца ў ліставых і змешаных лясах паблізу палян. Корміцца насякомымі.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.