Надзея Багачова — асіпаўчанка, СШ-1 скончыла ў 1981 годзе. Уступныя экзамены ў Мінскі кааператыўны тэхнікум здала паспяхова і… не ўбачыла свайго прозвішча сярод залічаных: не прайшла па конкурсу. Канечне, расстроілася, бо яшчэ з дзяцінства цягнула глядзець і на прыгожа раскладзеныя па паліцах тавары, і на работу прадаўцоў. Але, як гаворыцца, не зраслося…
— У жніўні стала вучаніцай аператара ў гарадскім аддзяленні сувязі № 3, — успамінае Надзея Васільеўна. — Думала, што на наступны год абавязкова паступлю ў тэхнікум, але лёс распарадзіўся іначай. Да работы ставілася адказна, пад крыло ў плане вучобы ўзяла Валянціна Кузьмінічна Арцёменка, так што праз месяц працавала ўжо самастойна. Начальнік аддзялення, дарэчы, і надалей не выпускала мяне з поля зроку, ды і наогул па жыцці сустракаліся толькі прыстойныя людзі. Дзякуй за ўсё і былому намесніку нашага райвузла Кацярыне Іванаўне Казусёнак, і многім другім, хто прывіў любоў да паштовай работы.
Час ішоў — і пра Надзею загаварылі ўжо як пра добрага спецыяліста. З’явіліся заахвочванні — і вось яна ўжо намеснік начальніка ГАС-5.
— Не паехала паступаць у тэхнікум ні як планавала, ні яшчэ праз год, — аднаўляе той час памяць. — Зацягнула пошта, работа і калектыў спадабаліся. Ды яшчэ штодня нешта новае даведвалася…
У 1987 годзе яна становіцца інструктарам па эксплуатацыйных пытаннях, правярае справаздачы ўсіх пяці гарадскіх, 21 сельскага і двух — у Ялізаве і Татарцы — пасялковых аддзяленняў паштовай сувязі. Плюс, адказвае за абучэнне паступаючых на работу.
Працавітасць, добрасумленнасць, адказнасць — такія рысы заўсёды заўважаюцца, а таму і не дзіўна, што Надзея Васільеўна ўздымаецца яшчэ на адну прыступку службовай лесвіцы — ёй давяраецца пасада старшага інструктара. Да ўсяго завочна канчае Віцебскі тэхнікум паштовай сувязі, выбіраецца дэпутатам райсавета.
Прыходзіць 2010 год — і новае, яшчэ больш адказнае прызначэнне: намеснік начальніка райвузла паштовай сувязі. А гэта значыць, што і кола абавязкаў на парадак вышэй, і наогул жыццё калектыву ў 120 чалавек становіцца яе жыццём.
І яна спраўляецца! У тым, што ў 2005 годзе наш РВПС заваёўвае Дыплом І ступені і заносіцца на Дошку гонару, што ў 2007 годзе калектыў займае І месца ў абласным і рэспубліканскім спаборніцтвах, а ў 2011 годзе зноў прызнаецца першым на Магілёўшчыне немалая заслуга і менавіта яе, гэтай сціплай жанчыны.
Хаця — не адзінай работай жыве чалавек, а тым больш — любімая палавіна для мужа і дарагая матуля для дачок Таццяны, якая працуе таксама ў райвузле і ўжо падаравала бацькам дзвюх унучак, і пакуль яшчэ школьніцы Алены. Зараз перад Уладзімірам Васільевічам стаіць няпростае пытанне, чым парадаваць сваіх любых жанчын у іх дзень, але ён толькі ўсміхаецца: не ў першы раз, маўляў, спраўлюся!
Надзея Васільеўна лічыць, што яна — жанчына шчаслівая: і мужчына сапраўдны побач, і дзеці выдатныя. Таму, мусіць, сям’я і любіць збірацца разам — усіх гэта толькі згуртоўвае. І на прыроду спантанна могуць выбрацца, і аквапарк у Жлобіне ці лядовую арэну ў Бабруйску наведаць, і ў Хатыні ці на Кургане Славы пабыць, і закаткі на зіму зрабіць, і проста ў лесе на грыбы-ягады “папаляваць”.
А яшчэ яна мае такую “слабасць” — любіць пабалаваць самых блізкіх людзей многімі “фірменнымі” стравамі. У чым, дарэчы, і муж дапамагчы стараецца. Які, да слова ўжо, і ад іншых не надта бачных воку хатніх спраў не адмаўляецца. Не, недарма лічыць сябе гэта жанчына шчаслівай…
Скончыць жа расказ пра Надзею Багачову хачу словамі кіраўніка РВПС Валерыі Матузавай: “Гэта чалавек граматны, надзейны і разумны. Мае актыўную жыццёвую пазіцыю, па-сапраўднаму хварэе за калектыў. Пагадзіцеся, што вель-мі важна, калі кіраўніцтва працуе іменна ў адной запрэжцы. А ў нас — іменна так!”
Варта дадаваць што яшчэ?
Георгій АЛЕЙНІКАЎ.