У аўторак 11-класнікі ўсіх гарадскіх школ і гімназіі мелі магчымасць завочна пазнаёміцца з адной з вядучых навучальных устаноў Беларусі — Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання. Спецыфіка гэтай установы адукацыі ў тым, што шэраг спецыяльнасцей можна атрымаць толькі ў ёй. Тут ажыццяўляецца падрыхтоўка інжынераў-тэхнолагаў, інжынераў-механікаў і эканамістаў для харчовай перапрацоўчай і хімічнай галін прамысловасці, а ўсяго падрыхтоўка вядзецца па 12 спецыяльнасцях.
Адметна, што сёлета адбудзецца першы набор студэнтаў на новую спецыяльнасць “Прыродаахоўная дзейнасць”, выпускнікі якой пасля вучобы атрымаюць кваліфікацыю “Эколаг. Iнжынер па ахове навакольнага асяроддзя”. Такі крок абумоўлены сучаснымі тэндэнцыямі развіцця і патрэбнасцямі прамысловай сферы краіны ў граматных, высокакваліфікаваных экалагічных кадрах. Аб гэтым расказаў асабіста загадчык кафедры аховы працы і экалогіі Аляксандр Мірончык. Пра іншыя факультэты і спецыяльнасці ВНУ падрабязна распавядалі яго калегі, якія таксама завіталі да асіповіцкіх старшакласнікаў.
Сярод шматлікіх плюсаў універсітэта харчавання — наяўнасць не толькі выдатнай навучальнай базы, інтэрната, спартыўнага комплексу, але і высокая запатрабаванасць выпускнікоў. Аб гэтым сведчыць і тое, што колькасць заявак на спецыялістаў штогод значна перавышае іх выпуск. Значыць, прэстыжнае месца працы ў будучым забяспечана.
Пакуль у юнакоў і дзяўчат яшчэ ёсць час вызначыцца з паступленнем, а вось пільную ўвагу надзяліць прадметам, якія абраны для здачы на цэнтралізаваным тэсціраванні, трэба ўжо сёння. Каб шансы стаць студэнтам штодня толькі ўзрасталі!