Карысная аўсянка
Аўсяныя крупы і кашы, якіх сукупна на Асіповіцкім вытворчым участку “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” выпускаецца 18 відаў, займаюць важнае месца на канвееры прадпрыемства. Адметна, што гэтая прадукцыя высока ацэнена не толькі землякамі, але і жыхарамі іншых краін — вялікія аб’ёмы пастаўляліся летась у Эстонію, сёлета — ва Украіну. Каб прапануемая прадукцыя адпавядала еўрапейскім патрабаванням якасці, трэба было ўдасканаліць тэхналогію вырабу круп. Каля двух мільярдаў рублёў укладзена ў фотасепаратар нямецкай вытворчасці, які ўстанаўліваецца зараз і ўжо ў лютым пачне працаваць.
Вытворчыя магутнасці новай тэхнікі залежаць ад агульнай магутнасці лініі і будуць знаходзіцца прыкладна на ўзроўні 2 тоны круп у гадзіну. Пазней за месяц на ўчастку можна будзе атрымліваць каля 1.000 тон аўсяных круп.
Калі супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі пойдзе ў такім кірунку, як плануецца, то на экспарт будзе адпраўляцца ў агульным 3-4 тысячы тон прадукцыі штомесяц. Што, у сваю чаргу, адкрые перад прад-прыемствам новыя магчымасці.
Вітаміны круглы год
Выпуск вітаміннай прадукцыі не спыняецца на ААТ “Асіповіцкі кансервавы завод” практычна круглы год. Напрыклад, зараз тут сыходзяць з канвеера ў 3-літровых слоіках апельсінавы, ананасны, мульціфруктовы сокі і нектары. Для іх вырабу выкарыстоўваецца імпартная сыравіна, якая набываецца прадпрыемствам па меры неабходнасці ў сталічных пастаўшчыкоў.
Як і кожны год, зыходзячы з інтарэсаў партнёраў, завод плануе частку вясны аддаць на перапрацоўку буракоў. Напрыклад, за тыдзень іх тут можна ўпарадкаваць каля трох тон. “Буракі марынаваныя беларускія” і “Салата з буракоў і цыбулі” — такую прадукцыю плануецца рабіць у хуткім часе з гэтых караняплодаў.
Не страчваюць папулярнасці і марынаваныя агуркі. Прадпрыемства нядаўна выйграла тэндар на іх пастаўку ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Зараз у гэтую прэстыжную навучальную ўстанову адпраўлена паўтары тысячы 3-літровых слоікаў, такая ж колькасць будзе пастаўлена туды і летам.