Як цудоўна, калі ў чалавека ёсць любімая справа! Гэта прыносіць станоўчыя эмоцыі, лечыць ад сумоты, дае зарад бадзёрасці. Так лічыць і Галіна Барадзіна, якая жыве ў Ліпені. Жанчына не першы год займаецца рукадзеллем. І чым толькі не захапляецца! Вышыўка, шыццё, бісерапляценне, графіка, рысунак… А не так даўно, дзякуючы майстар-класам з інтэрнэта, занялася валеннем з воўны і вырабамі лялек з капрону. Ва ўмелых руках жанчыны звычайнае ператвараецца ў казачна прыгожае, непаўторнае, чароўнае. Яна з цікавасцю сочыць за навінкамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, асабліва ў гэтым дапамагае сеціва. І калі спадабалася нейкая ідэя, бярэ яе за аснову, дадае ўласную фантазію — і атрымліваецца сапраўдны мастацкі шэдэўр. Колькі ўжо нарадзілася на свет незвычайных прыгожых рэчаў! І ў кожную жанчына ўкладвае часцінку свайго сэрца.
— Калі захапленне прыносіць асалоду, то хочацца займацца ім дзень і ноч, — гаворыць майстрыха. — Так і са мной адбываецца. Тады забываеш пра ўсе праблемы, на душы становіцца лёгка і спакойна. З задавальненнем чакаеш канчатковага выніку, бо нават пры рабоце над аднатыпнымі рэчамі яны заўсёды атрымліваюцца непадобныя. Нездарма ж гавораць пра божы промысел. Напэўна, ён іграе асноўную ролю і вядзе цябе кожны раз па-новаму.
Што трэба для работы ў тэхніках? Па-першае, вялікае жаданне. Для тых, хто хоча пасябраваць з такімі відамі дзейнасці, можа гэта лёгка зрабіць праз інтэрнэт-рэсурсы. Матэрыял для вырабаў часткова набываецца ў спецыялізаваных магазінах, у асноўным у Мінску. Там жа, у адной з мастацкіх галерэй, Галіна час ад часу выстаўляе свае работы. Дарэчы, адтуль яны хутка разыходзяцца па новых адрасах: пакупнікам падабаюцца і лялькі з капрону, і вырабы з лямцу.
— Да лялек у мяне асобная любоў, — тлумачыць творца. — Раблю іх як абярэгі, аздабляю бісерам, стужкамі, палатнянымі мяшэчкамі з рознымі пахучымі травамі. Кожная асобіна нясе адметны сэнс: “На шчасце”, “На дабрабыт”, “Ад злога языка”, “На здароўе” і іншыя. Яны як дзеці — з рознымі характарамі і норавам. Для валення, акрамя шэрсці, неабходна іголка. З яе дапамогай пераблытваеш валокны, нібы лепіш. Дзе больш пастукаў іголкай — умяціна атрымліваецца, менш — выпукласць. Можна рабіць розныя формы, некалькі колераў злучыць. Цікава! Мне пашчасціла: муж і дзеці разумеюць і падтрымліваюць усе пачынанні, нават дапамагаюць. А раз так, то сорамна іх падводзіць. Наадварот, хочацца ствараць прыгажосць не толькі вакол сябе, але і дарыць радасць людзям.
Ніна ВІКТОРЧЫК.