Нарэшце «нечакана» ў сярэдзіне студзеня выпаў снег — і дзеткі тут жа гэтым скарысталіся. Ідзеш па горадзе і толькі зайздросціш: тут у снежкі гуляюць, тут крэпасць снежную будуюць, там проста па гурбах скачуць. Добра быць дзіцем — можна бясконца гарэзаваць у снезе! А вось што робіць зімой наша моладзь? Бо мы ж яшчэ поўныя сіл і энергіі, але вось у снежкі гуляць неяк ужо і нязручна…
Уладзімір Лелін, 29 гадоў:
— Вось паспрабаваў сёлета ў палонку акунуцца. Было халодна, але спадабалася, уражанняў вельмі шмат. Лічу, трэба ў будучыні гэты вопыт паўтарыць. Таксама калі-нікалі па зімовым лесе гуляю: там сапраўды прыгожа, а галоўнае — свежае марознае паветра ў велізарнай колькасці!
Аляксандр Нядзелька, 19 гадоў:
— Музыкай займаюся ў вольны час, незалежна ад пары года. А ў снежкі гуляць і снежныя крэпасці будаваць — узрост ужо не той. Такі занятак для больш мала-дзейшых жыхароў Асіповіччыны.
Алеся Стэльмах, 23 гады:
— Увесь свой час пры-свячаю працы мастацкім кіраўніком у Вязаўніцкім сельскім ДК. Літаральна нядаўна правялі тэатралізаванае прадстаўленне «Калядкі», хутка будзем Масленіцу ладзіць! Увогуле, працую для таго, каб людзі зімой не сядзелі дома, а праводзілі час цікава і з найбольшай для сябе карысцю. А калі ўжо выдаецца вольная гадзінка, то займаюся вышыўкай крыжыкам. Супакойваюся, так бы мовіць, пасля насычаных працоўных будняў.
Аляксандр Пінчук, 25 гадоў:
— У снежкі-то не гуляем, але ў добрае заснежанае надвор’е, як зараз, рэгулярна з сябрамі ў лес на шашлыкі выбіраемся. І цікава, і для здароўя карысна. Яшчэ на лыжах не супраць пакатацца, але гэта здараецца, на жаль, не так часта… А наогул у нас у горадзе мала дзе можна адпачыць, тым больш зімой.
Максім Цвяткоў, 24 гады:
— Няма калі забаўляцца — рамонт дома робім. Столькі ўсяго трэба паспець, ні хвілінкі вольнай няма…
Вольга Іванова, 22 гады:
— А я вось люблю ў снезе павазіцца! З малодшымі братамі шмат часу на вуліцы праводзім: снегавікоў лепім, домікі ўсялякія, снежныя бітвы ладзім. А яшчэ горку ў двары зрабілі. Гэта так весела! Мне здаецца, такія зімовыя забавы ў любым узросце дарэчны.
Згодна з тымі, хто актыўна праводзіць зіму і з нецярпеннем чакае патрэбнага надвор’я, каб на справе парадавацца снегу. Гэта так здорава і здарова! Ды і летам ужо сапраўды будзе што ўспомніць. Але ж правесці зімовы вечар з кніжкай, схаваўшыся пад цёплай коўдрай, — таксама прыемна. Галоўнае, каб занятак прыносіў задавальненне.
Марыя ТАЛЕЙКА.