З моманту пасадкі лесу да высечкі спелых дрэў праходзіць як мінімум 80 гадоў — жыццё цэлага чалавечага пакалення. І як у людзей прынята лічыць знакавымі гады, што пачынаюць новае дзесяцігоддзе, так і ў лясной справе кожная 10-годка завяршаецца важнай падзеяй — лесаўпарадкаваннем. Сэнс гэтага тэрміна даволі аб’ёмны: сістэма дзяржмерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне рацыянальнага карыстання, павышэння прадукцыйнасці, аднаўленне, ахову і абарону лясоў, плюс — павышэнне культуры лясной гаспадаркі.
Сёлета чарговае лесаўпарадкаванне прайшло ў Асіповіцкім лясгасе. Праводзілася яно незалежнымі спецыялістамі, якія зрабілі аб’ектыўны аналіз здзейсненага буйнейшым лесакарыстальнікам раёна і распрацавалі дакладны план яго дзеянняў да 2023 года.
У цэлым гаспадарчая дзейнасць нашых лесакарыстальнікаў за мінулыя 10 гадоў атрымала здавальняючую ацэнку, але гэта, зразумела, не азначае, што нагляд і эксплуатацыя лясных угоддзяў вяліся недастаткова збалансавана. Проста лес — складаная жывая сістэма, якая падпарадкоўваецца волі чалавека далёка не ва ўсім.
Аб тым, што ўдалося зрабіць і чым давядзецца займацца прадпрыемству ў будучым, і гаворка з галоўным ляснічым ДДЛГУ «Асіповіцкі доследны лясгас» Віктарам ДАМАРАДАМ.
— Віктар Уладзіміравіч, якія галоўныя падзеі адбыліся ў лясах прадпрыемства за «справаздачны» перыяд?
— Бадай, самая істотная і клопатная справа, якой давялося займацца, — стварэнне новых культур на землях, перададзеных у лясны фонд сельскай гаспадаркай. Плошча былых сенажацяў і пашы была такой значнай, што праектная ўстаноўка лесаўпарадкавання 2003 года была перавышана амаль на чвэрць. Склад новых лясоў атрымаўся такі: сасна — 77,5%, яліна і лістоўніца — 0,9, дуб — 9,8, ясень — 0,2, бяроза — 0,4, вольха чорная — 0,6. Пасаджаныя на гэтых землях дрэвы патрабуюць павышанай увагі, таму што даволі дрэнна прыжываюцца. Прыблізна пятую частку маладых насаджэнняў — а гэта больш за 800 гектараў — сёння неабходна дапаўняць.
Вось так нараджаецца лес у пітомніку лясгаса
Нядрэнны вынік дасягнуты і ў павелічэнні аб’ёмаў спелай драўніны. За дзесяцігоддзе ён узрос з 139,8 тысячы кубаметраў да 276 — амаль удвая! Што ж тычыцца прадукцыйнасці аднаго гектара гатовых да суцэльнай высечкі ўчасткаў, то яна «падскочыла» з 256 да 276 «кубоў». Натуральна, своечасовы і без страт збор гэтага «ўраджаю» будзе адной з галоў-ных задач прадпрыемства ў бліжэйшай будучыні.
— Павелічэнне долі маладых пасадак змяніла ўзроставую структуру лясоў. Наколькі гэтае змяненне можа паўплываць на вынікі гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства ў перспектыве?
— На кожную катэгорыю лясоў — маладнякі, сярэдняга ўзросту, прыспяваючыя, спелыя — у ідэале павінна прыходзіцца роўная доля. Сёння ўзроставая структура наблізілася да аптымальнай прапорцыі, таму ўплыў толькі станоўчы. На працягу даволі доўгага перыяду — з 1944 па 1960 год — высечка вялася такімі хуткімі тэмпамі, што ўзроставая структура асіповіцкіх лясоў аказалася моцна парушанай. Бясспрэчна, гэта была вымушаная мера: краіна аднаўлялася пасля Вялікай Айчыннай вайны, і драўніны патрабавалася вельмі многа. Аднак нанесены тады ўрон удалося нейтралізаваць толькі праз паўстагоддзе.
Прынамсі, за апошнія 20 гадоў самы важны паказчык якасці лесу — банітэт — узрос з 1,6 да 1,5 балаў. На першы погляд — зусім не шмат, але чым бліжэй да ідэалу — «адзінкі», — тым складаней даецца станоўчая дынаміка. Каб узняцца на ўзгаданую «дзясятую долю», лясгасу давялося напружана займацца стварэннем насаджэнняў з палепшанымі якасцямі і праводзіць высечкі нагляду ў маладых лясах з нізкім выхадам ліквіднай драўніны. Гэта вельмі стратныя працэсы, але выдаткі абавязкова акупяцца ў будучыні.
— Ад вопытных работнікаў лясной гаспадаркі даводзілася чуць, што раней трываласць нарыхтоўваемай драўніны была значна больш высокай…
— Такое меркаванне ў пэўным сэнсе слушнае. Якасныя паказчыкі лесаматэрыялаў залежаць ад умоў, у якіх расце дрэва. Чым бядней глебы і карацей вегетацыйны перыяд, тым шчыльней і трывалей у іх драўніна. У лесаводаў для агульнай ацэнкі гэтага параметра існуюць адпаведныя тэрміны: кандовая драўніна — найбольш шчыльная, мяндовая — найменш. Да таго ж аптымальным часам для высечкі лічыцца зіма, калі расліны знаходзяцца ў стане спакою.
Калі маштабы лесанарыхтовак былі меншымі, перавага аддавалася кандовым дрэвам, і нарыхтоўка дзелавой драўніны вялася пераважна ў халодны перыяд. Прынамсі, з адборных бярвенняў, высечаных па ўсіх правілах, складзены стары будынак Вяззеўскага лясніцтва: яму больш стагоддзя, а сцены нібы ўчора пастаўленыя.
Аднак для сучасных спажыўцоў піламатэрыялаў узгаданая розніца шчыльнасці рэдка мае істотнае значэнне, таму ў арганізацыі лесанарыхтовак існуе поўная «свабода рук». Гэта важна, паколькі існуючы запас спелай драўніны такі вялікі, што нават пры круглагадовай высечцы лясгас, разам з шэрагам іншых лесанарыхтоўчых арганізацый, паспявае асвоіць толькі крыху больш за 91% разліковай лесасекі.
З іншага боку, якасць прапаноўваемай спажыўцам драўніны залежыць і ад пароднага складу лясоў. Ён апошнім часам змяняецца да лепшага за кошт пашырэння долі шыракалістых парод — у першую чаргу дуба — і перспектыўнай хваёвай — лістоўніцы. Апошняя мае істотныя перавагі ў шчыльнасці, трываласці і ўстойлівасці да гніення перад традыцыйнымі сасной і ялінай, да таго ж, вельмі хутка расце. Так, калі сасна ў тры гады ў сярэднім дасягае вышыні 25 сантыметраў, то лістоўніца — двух і болей метраў.
Сёння нават адыходы дрэваапрацоўкі ідуць у справу.
Яны ператвараюцца ў паліўныя трэскі — каштоўны энергарэсурс
На жаль, штогод мы можам ствараць пасадкі гэтага цуда-дрэва толькі на плошчы 4-5 гектараў. Насенне даводзіцца імпартаваць з Польшчы, аб’ёмы яго продажу невялікія. Праблема ў тым, што атрымаць якаснае насенне лістоўніцы вельмі складана. Трэба мець плантацыі элітных спелых дрэў, крона якіх з маленства фарміруецца на вышыні 1,5-2 метры, каб можна было збіраць шышкі. Але галоўная цяжкасць — атрыманне з шышак насення ў прамысловых маштабах. Тэхналогія мае мноства нюансаў, якія гаспадары плантацый лічаць інтэлектуальнай уласнасцю і ні з кім не дзеляцца «вытворчымі сакрэтамі».
— Лістоўніца, нягледзячы на свае карысныя якасці, па сутнасці з’яўляецца інвазійным відам. Наколькі павелічэнне яе долі ў пароднай структуры лясоў можа паўплываць на іх агульныя біялагічныя паказчыкі?
— Нічога дрэннага ад лістоўніцы чакаць не трэба. Яна ўводзіцца ў склад змешаных пасадак, і яе ўплыў на лясныя біяцэнозы зусім нязначны. Звычайныя для нашых лясоў грыбы і ягады адчуваюць сябе побач з лістоўніцай не горш, чым па суседству з сасной.
— Узгадаем яшчэ, якія найбольш сур’ёзныя змены ў дзейнасці лясгаса прадугледжвае новы план лесаўпарадкавання?
— Самае істотнае змяненне — ад лесаводаў патрабуецца стварыць рэпрэзентацыйныя ўчасткі, на якіх сканцэнтравана найбольш характэрная альбо рэліктавая драўнінная расліннасць. На іх забаронена вядзенне гаспадарчай дзейнасці, і, наогул, прысутнасць чалавека абмежавана вядзеннем навуковых назіранняў. Справа ў тым, што Асіповіцкі лясгас, праходзячы сертыфікацыю па міжнародным стандарце лесакарыстання ФСІ, стварыў такія ўчасткі на ўласную рызыку раней, і іх узаконьванне аўтаматычна вырашае мноства далікатных арганізацыйных пытанняў.
Дарэчы, найбольш цікавымі з такіх участкаў можна назваць элітныя сасновыя і дубовыя лясы ў Брыцалавіцкім лясніцтве. На жаль, выкарыстоўваць насенне гэтых велічных дрэў для селекцыйнай работы немагчыма: яны надта старыя, каб даваць паўнацэннае патомства…
Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКІ.