Нядаўна ў Горацкім раёне прайшоў абласны конкурс аператараў машыннага даення, у якім прымалі ўдзел каля 70 чалавек. Асіповіччыну прадстаўляла маладая калгасніца з СВК “Калгас “Каўгарскі” Вольга НОВІК. Дзяўчына вярнулася адтуль з другім пераможным месцам і масай станоўчых эмоцый і ўражанняў, з якімі і падзялілася з “АК”:
— На падобныя спаборніцтвы выехала ўпершыню, таму не абышлося без хваляванняў. Безумоўна, не хацелася падвесці ні калгас, ні ўпраўленне сельскай гаспадаркі, якія даверылі такую адказную справу. Напачатку было страшнавата: вакол — незнаёмыя людзі, новыя ў тэхналагічным плане даільныя апараты, рагулі чужыя… Аднак сабрала ўсю волю ў кулак, выкінула трывожныя думкі з галавы, паглядзела за работай аператара, які першым пачынаў конкурс. I калі сама прыступіла да дойкі, страх адышоў на задні план, з’явілася ўпэўненасць у рухах, спрытнасць. У той момант пра перамогу не думалася, аднак пасля падліку балаў аказалася, што ў мяне нядрэнны вынік. Адчувала гонар, што з заданнем справілася, дадому ехаць было не сорамна.
Акрамя зносін з новымі знаёмымі і ўзнагароды, атрымала і добры вопыт. Конкурс — сапраўдная школа прафесійнага майстэрства, магчымасць пазнаёміцца з новымі тэхналогіямі. Якія, спадзяюся, хутка прыйдуць і да нас.
Ніна ВIКТОРЧЫК. Фота Ніны ЦАРЫК.