Знаёмцеся:
дырэктар Асіповіцкага раёна газазабеспячэння філіяла РУП “Магілёўаблгаз” Барыс Файдэн.
Нарадзіўся ў Асіповічах. У 1983 годзе скончыў СШ № 4 і стаў студэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Атрымаў у 1988 годзе дыплом па спецыяльнасці “гідрамеліярацыя”, вярнуўся ў родны горад.
Яго першае працоўнае месца — перасовачная механізаваная калона № 95. Ёй аддаў 7 гадоў: рабіў майстрам, затым прарабам.
З 1995 года да нядаўняга назначэння кіраўніком — галоўны інжынер нашага раёна газазабеспячэння.
Барысу Барысавічу характэрны пачуццё адказнасці, настойлівасць і мэтанакіраванасць, здольнасць перспектыўна мысліць, хутка рэагаваць на новаўвядзенні ў сваёй галіне вытворчасці, эфектыўна выкарыстоўваць веды і вопыт у вырашэнні пастаўленых задач. Сваімі бліжэйшымі мэтамі лічыць павышэнне ўзроўню дабрабыту работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Цэніць у людзях сумленнасць, прыстойнасць і паважлівасць. Iх жа прытрымліваецца і сам.
Вольны час прысвячае хатнім справам, займаецца агародам, любіць прыроду. Лес і рака для яго — своеасаблівая рэлаксацыя пасля напружанага працоўнага дня. Знаходзіць хвіліны і для знаёмства з прафесійнай літаратурай — каб быць у курсе апошніх тэхнічных навінак.
Жонка Таццяна Анатольеўна працуе загадчыкам сектара кліенцкага сэрвісу Цэнтра банкаўскіх паслуг № 62 ААТ “БПС-Ашчадбанк”. Сын Андрэй — магістрант адной з вышэйшых навучальных устаноў, дачка Антаніна вучыцца ў 10 класе СШ № 2.