Ядвіга Аляксандраўна і Георгій Цімафеевіч ЗАБАЎСКІЯ нарадзіліся і выраслі на Асіповіччыне. Тут і цяпер жывуць. На дваіх маюць 170 гадоў, каля сотні з якіх прысвяцілі педагагічнай дзейнасці. Гэтымі днямі яны адзначылі 60-годдзе сумеснага жыцця…
Дзяцінства Ядвігі праходзіла ў вёсцы Осава. Бацькі працавалі ў мясцовым калгасе. Тату арыштавалі ў трыццаць сёмым, годам пазней расстралялі, а праз амаль два дзесяцігоддзі рэабілітавалі. Матулі нялёгка прыйшлося адной з пяццю дзецьмі, але 7 класаў дзяўчынка скончыла. Перарвала вучобу вайна, пасля якой Ядвіга паступіла ў Слуцкае педвучылішча. Умовы вучобы былі не-параўнальныя з сучаснымі. Сядзелі за доўгімі негабляванымі сталамі, зэдлікі прывозілі з дому, жылі ў інтэрнаце, у пакоях якога меліся печкі, але адсутнічалі дровы — імі разжываліся, хто як мог. Дзве сяброўкі, што прыехалі разам, не вытрымалі, уцяклі дадому, а яна, цярплівая і мэтанакіраваная, засталася.
Выпускніцу накіравалі ў вясковую школу на Міншчыне. Памяшканняў і настаўнікаў не хапала, таму вучылі дзяцей у дзве змены. Раніцай дзяўчына збірала на ўрокі першакласнікаў, пасля абеду — вучняў трэцяга класа.
Калі ёй прапанавалі працягнуць вучобу ў Мінскім педагагічным інстытуце, — згадзілася. Праз пэўны час пераехала ў Свіслач, дзе і выйшла замуж — таксама за педагога.
Георгій быў з мясцовых. З сорак першага і да вызвалення замест таго, каб хадзіць у школу і вучыць гісторыю па падручніку, вывучаў яе на практыцы. Хлопчык быў назіральным, цікаўным, таму і цяпер многа можа расказаць з падзей той лёсавызначальнай для краіны пары. Бацька яго прапаў без вестак у сорак чацвёртым, і толькі праз некалькі гадоў знайшоўся відавочца апошніх хвілін жыцця Цімафея Васільевіча. Ён жа прыблізна назваў і тое трагічнае месца на польска-германскай мяжы…
Многіх сябрукоў Георгія расстралялі толькі за тое, што раслі ў яўрэйскіх сем’ях. У сорак трэцім разам з роднымі трапіў у канцлагер у Вяззі, паўтара месяца прабыў за калючым дротам. Дзядуля з бабуляй выкупілі за грошы, што да вайны збіралі на набыццё зямлі.
Школу хлопец змог скончыць у 1946 годзе. Давучваўся ў Ялізаве, куды бегаў пешшу: раніцай — на заняткі, папалуднаваўшы — у гурток самадзейнасці. Але што для маладых ног тыя два з паловай дзясяткі кіламетраў, якія даводзілася адмерваць амаль штодзённа?
Пасля вучобы ў настаўніцкім інстытуце юнак працаваў на Віцебшчыне, а потым пераехаў у родную вёску, стварыў сям’ю. Па нявесту ў Осава ехаў на грузавой машыне…
Жылі небагата, але тыя гады ўспамінаюць з цеплынёй і пяшчотай. Былі маладыя, энергічныя, поўныя планаў і надзей. Працавалі напачатку ў старой драўлянай школе, а ў сямідзясятыя пераехалі ў тыпавы двухпавярховы будынак. Работа прыносіла задавальненне. Падабалася ўсё: праводзіць урокі, ладзіць зносіны з дзецьмі, арганізоўваць пазашкольную работу, правяраць сшыткі пры керасінавай лямпе. Калектыў быў надзвычай дружны, таму і праца толькі радавала.
Георгій Цімафеевіч скончыў Мінскі педінстытут. Хата, у якой жылі, тым часам пачала напаўняцца дзіцячымі галасамі: нарадзіліся дзве дачушкі і сын.
…За педработай, хатнімі справамі, сталеннем дзяцей неяк і не заўважылі, як праплылі гады: нібы воблакі па небе летнім днём. Адна за адной адправіліся ў самастойны шлях дочкі, затым сын. І кожны знайшоў сваё месца ў жыццёвым віры. Ірына стала правізарам, жыве ў Лепелі, Алена — лагапед, абаснавалася ў сталіцы. Мікалая ведаюць многія жыхары райцэнтра — як і Вяззеўскі Дом культуры, якім кіруе ўжо многа гадоў. Дзеці перанялі ад бацькоў адказнае стаўленне да дзейнасці, якой займаюцца, творчы падыход, мэтанакіраванасць і прыстойнасць.
Не толькі ўспаміны аб дзяцінстве і педагагічнай дзейнасці саграваюць былых настаўнікаў восеньскімі вечарамі — і аб сваіх любых унуках і праўнуках расказваць могуць многа. Гэта іх годны працяг, у якім ажыццяўляюцца планы, якім не суджана было збыцца ва ўласным жыцці. А гэты год — юбілейны для вялікай сям’і Забаўскіх. Акрамя брыльянтавага вяселля бабулі і дзядулі, 20 гадоў сумеснага жыцця адзначаюць іх сын і нявестка, на 15 гадоў раней адбылося вяселле ў Алены, яшчэ на 5 — у Ірыны. А адна з унучак адзначае пятую гадавіну шлюбу. Вось такая сямейная арыфметыка…
Іна ЗАСКЕВІЧ.