Леаніда Сямёнавіча Альшанскага ў вагонным дэпо лічаць адным з самых вопытных працаўнікоў, што і не здзіўляе: за плячыма тэарэтычная база БелДУТ і 39-гадовы стаж работы на чыгунцы. Дарэчы, увесь час менавіта ў гэтым падраздзяленні. Сустрэча наша мела мэтай расказаць чытачам пра чалавека, але гутарка ўвесь час «круцілася» вакол чыгункі. Мо, гэта і ёсць адзін з бакоў характарыстыкі асобы, прычым асобы цікавай і разнапланавай? — Чаму некалі Вы спынілі свой выбар менавіта на чыгуначнай спецыяльнасці? Уплыў бацькоў? — Яны не мелі ніякага дачынення да транспарту. Але Рэчыца, дзе я рос, недалёка ад Гомеля, ды і азначаная ВНУ мае высокі статус. Тое, што з выбарам прафесіі не памыліўся, зразумеў з гадамі. Чыгунка мае магнетычныя асаблівасці. Брыгадзір, майстар, начальнік ПТА, намеснік начальніка па эксплуатацыі, вядучы інжынер па бяспецы руху — такі працоўны шлях прайшоў. — Якімі якасцямі павінен валодаць чыгуначнік? — Работа на дарозе наогул вельмі адказная, асабліва калі гэта дарога мае не асфальтавае пакрыццё, а рэйкі, з якіх не збочыш. Чалавеку, які прысвяціў сябе чыгунцы, трэба мець высокую меру адказнасці, сур’ёзнае стаўленне да ўсяго, што адбываецца навокал. Ну і грунтоўныя веды неабходны, безумоўна. Таму падрыхтоўка кадраў — гэта не пустыя словы. Фармальна да яе падыходзіць нельга. Заняткі, экзамены, кансультацыі — пастаянна працуем над павышэннем прафесійнага ўзроўню. Чыгуначнік не павінен губляць пільнасці, перавозіць даводзіцца ж і небяспечныя грузы (хлор, фасген, нафтапрадукты і інш). — З’яўляецеся старшынёй савета грамадскіх інспектараў вагоннага дэпо? — Так. Кантроль за бяспекай руху цягнікоў — гэта галоўнае. Але вельмі важна праводзіць і вучобу. А яшчэ — трэба бачыць кожнага чалавека, заўважаць яго старанне і заслугі, заахвочваць найбольш актыўных і ўважлівых. Леанід Сямёнавіч дастае папку, у якой сабраны паперы і фотаматэрыялы за некалькі гадоў, дзе зафіксавана, хто з аглядчыкаў вагонаў заўважыў якія няспраўнасці. Гэтаму наступнічае прадстаўленне работніка кіраўніцтву на заахвочванне. Калі дэфект выяўлены ў цяжкадаступным месцы, гэта дадаткова ўказваецца ў дакуменце. Так, за ліпень заахвочана 13 чалавек, за 7 месяцаў гэтага года — 107. — I наогул вагоннае дэпо трымаецца на дасведчаных і адказных людзях. З ліку асабліва старанных і назіральных хочацца назваць старшых аглядчыкаў Юрыя Жырнікава, Iгара Гапу, Юрыя Рэкіша, майстра бягучага рамонту Аляксандра Гафнера, прыёмшчыка вагонаў Уладзі-міра Пятрэнку, брыгадзіра Пятра Карытка. Пры аглядзе вагонаў ажыццяўляем узаемадзеянне з іншымі службамі, ды і некаторыя тэхнічныя заняткі праводзім разам з «лакаматыўшчыкамі». — А як ставіцеся да моладзі, што ўліваецца ў калектыў? — Калі чалавек прыйшоў да нас і хоча працаваць — трэба яго навучыць і стварыць адпаведныя ўмовы. I такія ўзаемаадносіны ў калектыве, як правіла, разумеюць і цэняць. Сёлета прыйшло 8 маладых спецыялістаў, спадзяюся, што яны замацуюцца ў гэтай арганізацыі, як і іншыя папярэднікі. Хачу адзначыць, што пенсіянеры часта наведваюць былое месца работы, цікавяцца справамі. Стараемся падтрымліваць сувязь пакаленняў. — Калі б не чыгунка, дзе б яшчэ маглі рэалізаваць свой патэнцыял? — Ніколі аб гэтым не думаў, ды і навошта, калі ёсць любімая работа? I чаго пра мяне шмат разважаць, давайце лепш пра дасягненні вагоннага дэпо. А працуе яно ўстойліва, браку ў рабоце за год ні разу не дапусцілі. Акрамя таго, знізілі за-трымкі цягнікоў з пяці да трох умоўных адзінак. Укаранілі ўстаноўку аўтаматычнага апрабавання тармазоў УЗОТ-РМ. Дэпо за I паўгоддзе заняло першае месца сярод аналагічных прадпрыемстваў краіны. Пра сваю арганізацыю і людзей вядучы інжынер можа распавядаць бясконца, сціпла замоўчваючы ўласныя заслугі. А між тым, ён мае медаль «Выдатнік Беларускай чыгункі». За мінулы год па вагоннаму дэпо 37 чалавек павысілі кваліфікацыю, з іх 9 — вучні Леаніда Сямёнавіча. Быў час, калі пачынала працаваць станцыя Калій-3, Альшанскі знаходзіўся там тыднямі, не бачыў сям’і. Але сын Яўген зразумеў тату і… таксама прыйшоў працаваць у дэпо інжынерам па ахове працы. Хоць вольнага часу ў суразмоўцы не так і многа, ён любіць шчыраваць на дачы, чытаць гістарычную літаратуру, пабываў у многіх кропках былога СССР, вандраваў па шляхах дзекабрыстаў. А яшчэ з задавальненнем чытае апавяданні і нарысы Прышвіна, рубаі Амара Хаямы, вершы Яўгена Еўтушэнкі, сабраў багатую бібліятэку кніг пра жывапіс і мастакоў. Днямі Леанід Сямёнавіч адзначыць 60-гадовы юбілей. Новых творчых здабыткаў, пошукаў і здзяйсненняў!
Iна ЗАСКЕВIЧ.