Пісаць пра брата цяжка, складана і адказна… Гаварыць пра Алеся ў мінулым мне невыносна і сёння. 2004 год быў страшэнным у маім жыцці. Здарылася нечаканае, здавалася, немагчымае. Розум не прымаў смерці Алеся. Гэта было несправядліва, горка і вельмі балюча не толькі для мяне, сям’і Алеся, яго сяброў, але і для роднай літаратуры. З гэтым прыходзіцца жыць.
Дзякуючы намаганням сяброў паэта, выдавецтву “Мастацкая літаратура” ў 2005 годзе пасмяротна выходзіць кніга А.Пісьмянкова “Думаць вершы”, дзе побач з яго ўласнымі творамі — вершамі і эсэ — асобным раздзелам змешчаны ўспаміны сяброў пра самога Алеся. Прагучалі словы глыбокай павагі да Алеся-Чалавека, захаплення творчасцю Алеся-Паэта. Тады і мне прапанавалі выказацца. Не змог. Ніякія словы не маглі перадаць горыч і скруху. Было гэта глыбока асабістае. Я і зараз не магу прымірыцца з тым, што яго няма на гэтым свеце. Яго прысутнасць у рэчах (ён любіў у кожны прыезд нешта пакінуць на памяць), у вершах прыносіць боль.
Прысутнасць Алеся я адчуваў заўсёды. Многія парады сталі лёсавызначальнымі ў маім жыцці. Ён умеў клапаціцца пра іншых. Асабліва адчуў я гэта, калі не стала бацькі і маці.
Першы свой зборнік вершаў “Белы камень“ ён падпі-саў мне як першаму чытачу і крытыку. Так і напісаў: “Брату Міколу, майму першаму чытачу і крытыку”. Помню, як я потым ганарыўся гэтым, хаця які з мяне быў крытык. То былі шчаслівыя дні нашага жыцця. Былі жывыя бацькі, нашы дзяды, быў дом пад бярозаю.
Яшчэ нічога не было:
Адна няясная трывога,
Ды бацька з маці
ля парога,
Ды зоркі дрогкае святло
Над затуманенай дарогай.
Яшчэ не куплены білет
На ціхай станцыі вясковай,
Яшчэ суровы белы свет
Святлом надсвечаны
ружовым.
Наперадзе былі новыя зборнікі вершаў Алеся: “Чытаю зоры” (1988), “Планіда” (1994), “Вершы” (1997); зборнікі вершаў для дзяцей: “Заўзятары” (1993), “Ласуны-веселуны” (1996). У 2000 годзе на пераломе двух стагоддзяў у знакамітай серыі “Беларуская паэзія ХХ ст.” (дзе друкаваліся пераважна класікі) выйшла кніга выбранага “Я не памру, пакуль люблю”, рыхтаваўся да друку дзіцячы зборнік “Мы з братам”.
Крытыкі і чытачы пры-хільна сустракалі зборнікі Алеся. Паэту будзе прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. Аб прызнанні яго таленту, чалавечых якасцей сцвярджае і грамадская думка: Алесь двойчы абіраўся сакратаром Саюза на пісьменніцкім з’ездзе. Вершы паэта будуць перакладацца на рускую, балгарскую, украін-скую мовы. На думку лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы Г.Бураўкіна “прыход Пісьмянкова ў літаратуру быў імклівым і жаданым. Яго вершы з самага пачатку ўражвалі непаўторнай інтанацыяй, адметным духоўным светам. Іх ахвотна друкавалі літаратурныя часопісы, для іх адчынялі дзверы анталогіі, а крытыкі далучалі імя Алеся да тых, каму рыхтавалі лаўры жывых класікаў”.
У адным з вершаў Алесь прызнаваўся:
Вада. На строме сосны.
У збажыне задумны гай.
Любіць бы вечна гэты край.
Журботны.
Родны.
Росны.
Любіць высокія аблокі.
Ад гора горкую зямлю…
Любіць прызначана мне
лёсам:
Я не памру,
пакуль
люблю.
Усё добра складвалася і ў сям’і Алеся. Падрасталі добрыя хлопцы — Максім і Аляксей — сыны брата. Алесь не быў адзінокі.
На схіле веку тлумна —
злога
І мёд спазнаўшы, і палын,
Я зразумеў, як гэта многа,
Калі ты ў свеце не адзін!
Пачатак стагоддзя трагічна складваўся для нашай сям’і. У 1999 годзе не стала бацькі. Хворае сэрца маці не вытрымала. Яна не ўмела, так і не навучылася жыць адна. Развіталіся з маці мы 7 лютага 2002 года.
Я стаў баяцца белых зім.
Я разлюбіў цябе,
Мой люты.
Такога гора і пакуты
Шчэ не было ў жыцці маім.
Я не прывык прасіць
спагады,
Дасюль мне лёс не быў
айчым.
Ты, люты,
Даў жыцця мне свята,
І люта
З мамай разлучыў:
Я стаў баяцца белых зім.
Гэтыя радкі вырваліся з сэрца Алеся (Алесь нара-дзіўся 25 лютага 1957 г.).
Вобраз мамы ўсе часцей і часцей займае месца ў творчасці паэта. Час не лячыў. Паэт моцна перажываў:
Эх, маці, маці,
Як пуста ў хаце!
Куды ні глянеш —
Душу параніш.
Як адзінока
Пад поўні вокам,
Як невыносна!
Я знаю: позна…
Ты больш не скажаш:
“Кладзіся, Саша,
І спі як людзі…”
Ты больш не скажаш,
Больш не разбудзіш.
Або якой цеплынёй, любоўю і пашанай напоўнены верш “Мама”.
Мама заўсёды чакала,
Мама свой час не лічыла.
Мама жывым спачувала —
Мама лячыла.
Мама душою трымцела.
Мама дабра ўсім хацела,
Мама ні ў чым
не лаўчыла —
Мама вучыла.
Мама заўсёды трывала,
Мама да скону рабіла,
Мама сябе забывала —
Мама любіла.
Нельга не пагадзіцца з сябрам Алеся, пісьменнікам Уладзімірам Ягоўдзікам, які прыязджаў на пахаванне нашай маці, што гэта быў самы цяжкі, самы “люты” дзень у жыцці паэта. Боль, разгубленасць і шкадаванне выліваліся з душы, не даючы ніякай надзеі на будучае.
У апошні год жыцця Алесь прысвячае бацьку і маці наступныя вершы: “Забяседдзе ў расе”, “Ноч, поў-ня”, “Папрок”, “Прыязд- жай”.
Цераз луг, цераз лес,
цераз гай
Крочыць думная восень.
“Двору, любенькі,
прыязджай!”
Больш ніхто не папросіць.
Крута рыжык слязою салю,
У зямлі пазычаючы сілу.
Я ўсё помню, і ўсё я
люблю,
Што і мама любіла:
Гэты луг, гэты лес,
гэты край,
Гэту думную восень.
“Прыязджай…
Прыязджай…
Прыязджай…”
Рэха ў соснах галосіць.
23 красавіка ў сваім рабочым кабінеце рэдакцыі часопіса “Вожык” перастала біцца сэрца паэта. Хуткая дапамога спазнілася. А напярэдадні, у панядзелак, перад Радаўніцай, мы па-ставілі помнік маці. Хто ведаў, што гэта будзе апошні прыезд Алеся на Радзіму. Тую ноч ён не спаў. Правёў на Бесядзі. Гэта ноч аказалася развітальнай з тым таемным родным светам, адкуль бярэ пачатак творчасць А.Пісьмянкова.У адным з вершаў Алесь шчыра прызнаваўся ў любові да тых вытокаў, з якіх пачалося яго жыццё. Верш называецца “Сыну”.
Вось і зноў зямля,
на якой прарос…
Дзе ўзрос, сталеў,
дзе самы вясёлы
жыў Дзед Мароз,
дзе самы смачны
быў зайцаў хлеб.
Я не знаю вачэй дабрэйшых.
Я не знаю дзядоў
мудрэйшых.
Я не знаю нябёс чысцейшых.
Я не знаю лясоў гусцейшых.
Я не знаю спагадней слоў,
чым тыя, што тут знайшоў:
на зямлі,
дзе калісь прарос,
дзе ўзрос, сталеў…
Дзе самы вясёлы
жыў Дзед Мароз,
дзе самы смачны
быў зайцаў хлеб.
Пра духоўны свет паэта, матывы творчасці і паэтычныя вобразы напісана шмат. Творчасць паэта выклікае цікавасць у крытыкаў і да-следчыкаў літаратуры. Творы Алеся ўключаны ў школьную праграму. У 2007 годзе выйшла кніга ўспамінаў пра Алеся празаіка Віктара Патапенкі “Шлях бярозамі значаны”, дзе аўтар расказвае пра А.Пісьмянкова як паэта і чалавека, які пакінуў у беларускай літаратуры “лаканічна прачулыя, напоўненыя філасофскай ёмістасцю светлыя вобразы Бацькаў-шчыны і яе насельнікаў”. Напярэдадні выдаў сваю кнігу пра Алеся паэт Анатоль Зэкаў, якая так і называецца “Алесь”. Гэта згадкі, успаміны. Аўтары добра ведалі брата, былі яго блізкімі сябрамі. Мне неаднойчы выпадалі радасныя хвіліны бываць разам з хлопцамі ў родных Бялынкавічах. Не памыляецца Таццяна Мушынская, калі ўзгадвае, што “вакол Пісьмянкова ўвесь час былі вельмі цікавыя людзі. Валодзя Марук, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Валодзя Ягоўдзік… Кожны ягоны сябра сам быў асобай, яркай і арыгінальнай”.
З асаблівай пяшчотай, павагай ставіўся Алесь да пісьменнікаў-землякоў: І.Г.Чыгрынава, В.Карамазава, Л.Левановіча. Вельмі любіў А.Куляшова, А.Пысіна, М.Стральцова, А.Вялюгіна, А.Сербантовіча. Захапляўся іх творчасцю, вучыўся ў іх, лічыў сапраўднымі майстрамі слова.
Выпала шчасце і мне быць знаёмым з выдатным народным пісьменнікам Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым. Помню, ён завітаў у наш дом на пачатку 70-х. Мне тады было год 12-13. А Іван Гаўрылавіч быў ужо вядомым пісьменнікам. Завітаў выпадкова. Наведваў раённую рэдакцыю “Сцяг камунізму” ў родных Касцюковічах, пацікавіўся творчай моладдзю. Папрасіў пазнаёміць з вершамі хлопца з Бялынкавіч, з запамінальным паэтычным імем Алесь. (Па-дамашняму Алесь заўсёды быў Саша. Так называў яго я, бацькі, сябры). Тады Алесь хадзіў недзе ў клас 9 ці 10, але вершы яго ўжо час-та з’яўляліся ў абласным друку. На той час быў Алесь пераможцам конкурсу творчай моладзі Магілёўшчыны.
Гэта, відаць, і зацікавіла Івана Гаўрылавіча. Ён і выказаў жаданне пазнаёміцца з хлопцам. Я помню хваляванне бацькі і маці, звязаныя з прыездам пісьменніка. Гэта была падзея. (Бацькі — звычайныя людзі. Маці — медсястра, бацька — шафёр). Я чуў, як Іван Гаўрылавіч пацікавіўся ў маці: ”Казалі, што ў вас, Сямёнаўна, двое хлопцаў. А дзе ж малодшы?” Так пачалося маё першае знаёмства з пісьменнікам Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым, якое перарасло, не пабаюся сказаць гэта, у сяброўства. У канцы 80-х гадоў Іван Гаўрылавіч неаднойчы наведваўся з братам да мяне ў Лапічы. А мне выпаў гонар быць даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР Чыгрынава Івана Гаўрылавіча. То былі шчаслівыя часы майго жыцця. Любіў падарожнічаць з Іванам Гаўрылавічам і Алесь. Цікавы быў чалавек, “Святлейшы” (так звалі пісьменнікі Чыгрынава за вочы), глыбокі, ведаў шмат. Яшчэ ў студэнцкія гады абышоў пешшу ўсю Магілёўшчыну. Вельма шкада, што жыццё Івана Гаўрылавіча абарвалася заўчасна. Мы з братам цяжка перажывалі гэту смерць. Успомніўся Іван Гаўрылавіч невыпадкова. Сапраўдная дружба звязвала гэтых пісьменнікаў-землякоў.
У 2012 годзе выйшла ў свет кніга выбраных твораў А. Пісьмянкова. Называецца яна “Не знікай”. Так звычайна развітваўся Алесь са мной, са сваімі блізкімі сябрамі. Словы гучалі як просьба, як спадзяванне на новыя сустрэчы.
…Няма Алеся, але не зніклі шчырыя, напоўненыя светам, пранікнёныя, народжаныя сэрцам паэта радкі. Доўжыцца жыццё Алеся сёння ў яго творах.
Памяць пра Алеся шчыра ўшаноўваецца на радзіме паэта — Касцюкоўшчыне. Раённай дзіцячай бібліятэцы нададзена імя Алеся Пісьмянкова. На школе ў Бялынкавічах устаноўлена шыльда з выявай паэта. У школьным музеі адведзена месца Паэту. Штогод праходзяць паэтычныя чытанні.
У Бялынкавічах, на беразе Бесядзі, створаны гісторыка-культурны аб’ект “Пісьмянкоў луг”, дзе ў гонар Алеся ўжо другі год праходзіць аднайменнае абласное свята паэзіі.
Жыве Пісьмянкоў луг. Лунае над Касцюкоўшчынай, над высокім-высокім берагам Бесядзі, над Беларуссю светлая і пранікнёная паэзія Алеся пра радзінны край:
Я люблю цябе розную:
Росную,
і марозную,
Ціхую
і журботную,
Годную
і гаротную,
Родная!
На цябе на адну
Я малюся,
За цябе, Беларусь,
Я журуся…
Мікола Пісьмянкоў.