Калісьці кожная
вёска славілася сваімі ўмельцамі ў розных галінах. Сакрэты майстэрства
перадаваліся з пакалення ў пакаленне, ад бацькі да сына. І людзі гэтым не
толькі карміліся, але і ганарыліся. Думаю, не памылюся, калі скажу, што зараз
шматлікія спецыяльнасці згублены-забыты. Нічога не зробіш — хуткаплынны час
уносіць свае карэктывы…
Нядаўна
пашчасціла пазнаёміцца з жанчынай-легендай. Уразіла, што па жыцці яна ішла з
мужчынскай прафесіяй — пячнік. Згадзіцеся: цяпер праблемна знайсці добрага
майстра-печніка мужчыну, а наконт жанчыны і гаварыць не прыходзіцца.
Ганна
Віктараўна Беліновіч зараз жыве ў сваёй роднай Градзянцы, дзе з’явілася на свет
76 гадоў таму. Дзяцінства было, як і ва ўсіх з таго пакалення, галодным і
халодным. Шмат давялося вытрымаць. На працягу пэўнага часу дзяўчынка была нават
у няньках у Мінску, куды яе аддалі бацькі, каб мець якую капейчыну.
Калі падрасла,
марыла стаць ткачыхай. І вось — 1954 год, і яны з сяброўкай адпраўляюцца ў
сталіцу набываць жаданую спецыяльнасць. Але, відаць, лёс меў іншыя планы. Набор
на ткачых быў завершаны, а дадому вяртацца з такім расчараваннем не хацелася.
Дзякуючы настойлівым характарам, дзяўчаты атрымалі накіраванні на вучобу ў
Віцебск… на печнікоў. Разам і асвоілі такую спецыфічную спецыяльнасць. І потым
Ганна ні разу не пашкадавала аб гэтым, прафесія аказалася цікавай і
запатрабаванай. І зараз, у свае ўжо сталыя гады, жанчына можа даць слушную
параду землякам, як зрабіць печ, каб была ў ёй і цяга добрая, і каб цяпло
трымалася доўга.
Працаваць Ганне
Віктараўне давялося ў многіх месцах. Сем гадоў адточвала майстэрства ў Маскве.
Была брыгадзірам на будоўлі, мела сваіх вучняў. З 1970 па 1982 год жыла-рабіла
на Украіне. Гэты перыяд быў адметны не толькі працоўнымі поспехамі, але і
актыўным грамадскім жыццём: брыгада Беліновіч брала шэфства над бацькамі і
сем’ямі загінуўшых маладагвардзейцаў — Шаўцовымі, Громавымі, Кашавымі і другімі.
Усіх было 29 чалавек.
Ну а печы
даводзілася рабіць самыя розныя. Колькі іх складзена за жыццё, цяпер і не
злічыш. І кожны раз майстрыха даказвала, што нездарма атрымала чырвоны дыплом
па сваёй спецыяльнасці. Дарэчы, за сумленную работу Ганна Віктараўна мае два
медалі «Ветэран працы”: першы атрымала за ўзняцце цаліны ў Казахстане, а другі
— ужо ў Краснадоне. З гонарам насіла высокае званне «Ударнік камуністычнай
працы», мае шматлікія падзякі.
Не абышлося ў
жыцці і без цяжкасцей. Была сур’ёзная траўма, калі сарвалася са значнай вышыні
і зламала абедзве нагі. Але любоў да прафесіі не дазволіла развітацца з
ра- мяством.
Зараз жынчына
ўжо даўно на заслужаным адпачынку. Землякі часта ўспамінаюць майстрыху добрым
словам — ледзь не ў кожнай другой хаце Градзянкі і бліжэйшых вёсак «жыве”
«цеплагенератар”, зроблены ўвішнымі рукамі Беліновіч. Здаецца, Ганна Віктараўна
разам з цэглай укладвала ў кожную печ і маленькі кавалачак сваёй душы — інакш
не будзе грэць…
Ларыса Верабей.