Як нас абслугоўваюць?
Згадзіцеся, прыемна наведацца ў краму, дзе шмат прасторы, прыгожыя сучасныя стэлажы і вітрыны, правільная выкладка тавараў і шмат другіх зручнасцей. Магазін «Пціч” ААТ «Гандаль” пасля нядаўна праведзенай мадэрнізацыі якраз і стаў адным з такіх. І, як прызнаецца яго загадчык Ларыса Пілік, калектыву таксама стала камфортна і зручна працаваць.
— З моманту адкрыцця абноўленага магазіна не прайшло яшчэ і месяца, — працягвае яна, — аднак з упэўненасцю можам сказаць, што затраты, якія пайшлі на рэканструкцыю, набыццё новага гандлёвага абсталявання — на яго, дарэчы, было выдаткавана каля паўтара мільярда рублёў — у хуткім часе апраўдаюць сябе. Мяркуйце самі: раней выручка складала каля 10 мільёнаў — зараз павялічылася прыкладна ў 2 разы. Пакупнікам падабаецца новая сістэма абслугоўвання. Цяпер кожны можа самастойна падысці да стэлажа і выбраць неабходны тавар, выкладзены з улікам пэўных падыходаў да размяшчэння яго на паліцах. Калі прайсціся па гандлёвай зале, можна заўважыць, што праведзена значная работа па яе планіроўцы, расстаноўцы гандлёвага абсталявання, якасным асвятленні, граматным абазначэнні тавараў цэннікамі, афармленні месцаў продажаў, уключаючы і рэкламныя матэрыялы, якія прадстаўлены рознымі гандлёвымі фірмамі. Акрамя гэтага, вядзецца строгі кантроль за тэрмінам захавання прадукцыі. Прычым кожны можа яго бачыць на ўстаноўленым электронным табло, размешчаным побач з вітрынай.
— Якімі яшчэ новаўвядзеннямі можаце пахваліцца?
— Мы — адзіная гандлёвая кропка ў «Гандлі”, якая выкарыстоўвае сістэму счытвання штрыхкода тавару пры яго пакупцы. Атрымаўшы чэк, пакупнік адразу бачыць і цану, і вагу тавару. Гэта здымае многія пытанні. Яшчэ даспадобы спажыўцам адкрытая выкладка кандытарскіх вырабаў, што дазваляе зрабіць іх бліжэй да пакупніка і даць магчымасць асабіста пазнаёміцца з прадукцыяй. Многія, напэўна, заўважылі, што з’явілася вітрына з гаспадарчымі таварамі першай неабходнасці. Дарэчы, не чакалі, што яны будуць настолькі запатрабаваны — некаторыя віды прадукцыі ўжо тройчы абнаўляліся. Асабліва карыстаецца попытам пральны парашок «Мара”, жаночыя калготкі і, як ні дзіўна, металічныя накрыўкі для слоікаў.
— Сістэма самаабслугоўвання, на якую перайшоў магазін, акрамя плюсоў, мае і мінусы: лёгкі доступ да тавараў дае некаторым нерадзівым пакупнікам спакусу што-небудзь скрасці. Як абараняецеся?
— Сапраўды, за адносна невялікі прамежак часу, што працуем на самаабслугоўванні, ужо сутыкнуліся з негатыўнымі фактамі, калі некаторыя пакупнікі вырашылі паспрабаваць сябе ў ролі злодзея. Для іх такі працэс скончыўся сумна. У магазіне ўстаноўлена камера вонкавага і ўнутранага відэаназірання, кожны крок пакупніка добра відаць, і спроба нешта затаіць не праходзіць.
Для зручнасці абслугоўвання ў краме ёсць спецыяльныя карзіны і нават каляскі. Але, на жаль, наведвальнікі не заўсёды імі карыстаюцца, чым парушаюць правілы гандлю. Спадзяюся, што ў далейшым будзе знойдзена ўзаемапаразуменне паміж намі, і праблема будзе знята.
— Ці ўплывае месца размяшчэння «Пцічы” на атрымліваемы тавараабарот?
— Безумоўна. Побач з намі знаходзіцца шмат розных арганізацый, працаўнікі якіх атаварваюцца менавіта ў нас. Суседства з гасцініцай таксама дае свае бонусы — іншы раз госці горада робяць вялікія пакупкі. Асабліва карыстаецца попытам малочная прадукцыя мясцовага малочнага камбіната. На маю думку, продажы ўзраслі б, калі на прымагазіннай тэрыторыі мелася аўтастаянка. Чалавек мог бы прыпаркавацца каля самой крамы і, затарыўшыся, не трэба было б пераадольваць значную адлегласць да пакінутага аўтамабіля. Цэнавая палітыка таксама ўплывае на павелічэнне продажаў.
— У кожнай арганізацыі існуюць складаемыя поспеху. А ў вашага калектыву?
— Для гандляроў яны добра вядомы — гэта асартымент, якасць тавару і культура абслугоўвання. Калі ўсё вытрымліваецца належным чынам, то і вынік станоўчы. Галоўнае, каб калектыў працаваў зладжана, прафесійна, адчуваў пачуццё локця. Пакуль што нам удаецца быць адной камандай, нягледзячы на тое, што ён папоўніўся новымі людзьмі. Па-ранейшаму трымаемся на больш вопытных прадаўцах. Напрыклад, заслугоўваюць добрых слоў Ала Гарадзецкая, Таццяна Максіменка, Галіна Талейка, Таццяна Чыгілейчык. А тыя, хто прыйшоў нядаўна, вучацца ў іх не толькі майстэрству, але і ўменню зносін з людзьмі. Кожны разумее, што лепшы спосаб атрымаць дадатковы прыбытак залежыць ад таго, наколькі прафесійна ён адносіцца да сваіх абавязкаў, наколькі ўдалым робіць увесь гандлёвы працэс, ад якога застаюцца ў выйгрышы і пастаўшчыкі, і пакупнікі, і прадаўцы…
Як ацэньваюць работу мадэрнізаванага магазіна тыя, дзеля каго і стараюцца работнікі гандлю?
Зоя Кірылаўна:
— Падабаецца тут усё. Звычайна бяру фарш, свініну. Задавальняюць і асартымент, і выкладка, усё добра бачна і прыгожа аформлена. Так атрымоўваецца, што ў іншыя магазіны амаль не хаджу.
Яўген Пятровіч:
— Жыву побач, але справа нават не ў гэтым — абслугоўванне на вышэйшым узроўні. Ветлівыя прадаўцы, нармальны асартымент. Выбар даволі вялікі. Якасць прадуктаў высокая, пратэрмінаваных не бывае.
Ніна Мікалаеўна:
— Цудоўна, бо вельмі зручна. Шчыры дзякуй кіраўніцтву і магазіна, і ААТ «Гандаль” за тое, што думаюць пра пакупніка і ствараюць належныя ўмовы для задавальнення попыту. І дзякуй жанчынам, што так ласкава нас абслугоўваюць — з усмешкай, увагай…
Што тут яшчэ можна дадаць? Вычарпальная і трапная характарыстыка.
Падрыхтавала Ніна ВІКТОРЧЫК.