ДЗЕНЬ ДРУКУ — гэта свята, якое адзначаецца ў Беларусі 5 мая ў адпаведнасці з Указам Кіраўніка дзяржавы, прынятым у 1996 годзе. Па дадзеных Міністэрства інфармацыі, сёння ў краіне зарэгістравана больш за 1,3 тысячы друкаваных і 240 электронных сродкаў масавай інфармацыі, з якіх больш за 960 першых і 70 другіх — недзяржаўныя. І калектыў «Асіповіцкага краю” з гонарам можа сказаць землякам, што «раёнка” іх не падводзіць, застаючыся ў рэспубліцы не па аднаму з паказчыкаў у ліку лідараў.
Газеце — дыплом і падарунак
Напярэдадні Дня друку былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў краіне і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. Наша рэдакцыя — у ліку пераможцаў, за што і ўзнагароджана Дыпломам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь з каштоўным падарункам.
«АК” — намінант у трэці раз!
5 мая ў Малой зале Палаца Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і лаўрэатаў VII Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая літара”. Сёлета для ўдзелу ў ім з розных куткоў краіны было пададзена 280 заявак ад перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў і персаналій, прычым больш за 80 — ад рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.
Адкрываючы ўрачыстасць, першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў сказаў так: «Слова бывае розным: вымаўленым, надрукаваным на паперы, напісаным на экране… Але ў матэрыялах журналістаў слова набывае асаблівы сэнс: тыя, хто валодае словам, захоўваюць для нашчадкаў інтэлект і вопыт мінулых пакаленняў, а таксама даюць нам магчымасць правільна разабрацца ў тых падзеях, якія адбываюцца з намі сёння”.
Што ж, вынікамі конкурсу «Асіповіцкі край” можа ганарыцца: у намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі” выданне прызнана лаўрэатам. Дарэчы, падобную ўзнагароду «раёнка” заваёўвае ўжо ў трэці — з сямі конкурсаў! — раз, а, значыць, вывад на паверхні: калектыў не стаіць на месцы, а дынамічна развіваецца, рухаецца ў правільным накірунку.
З задавальненнем віншуем і калег з «Магілёўскіх ведамасцей”: абласная газета стала таксама лаўрэатам галоўнага конкурсу Беларусі — у намінацыі «Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі”.