Асабліва гэта тычыцца людзей актыўных, успрымальных да таго, што адбываецца побач. Напрыклад, такіх як дэпутат па Дзяржынскай выбарчай акрузе № 14, намеснік старшыні і член прэзідыума раённага Савета дэпутатаў Святлана Мамсікава.
У Асіповічах Святлана Юр’еўна з 1988 года — трапіла сюды па размеркаванні пасля завяршэння вучобы ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.Куляшова. Сама магіляўчанка, яна нават і думкі не дапускала, што застанецца працаваць і жыць у райцэнтры. Але лёс распарадзіўся па-свойму: тут Святлана знайшла сваё прызванне, сустрэла каханне, стварыла сям’ю. І зараз не толькі не шкадуе аб тым, што адбылося, а нават удзячна долі за яе распараджэнне.
Асіповічы — горад, які адыграў важную ролю ў жыцці і стаў родным. Тым больш, Святланай Юр’еўнай цэніцца магчымасць уплываць ужо самой на будучыню горада — пасада дэпутата і кіраўніка адной з вядучых навучальных устаноў райцэнтра гэта дазваляе. Прызналася, што шчыра хоча, каб горад развіваўся і станавіўся яшчэ больш прыгожым, каб здзейснілася мара многіх асіпаўчан і тут былі пабудаваны Лядовы палац і дзіцячае кафэ.
Са сваімі выбаршчыкамі, якія ў асноўным пражываюць у раёне «Чаромушак”, Святлане Юр’еўне даводзіцца сустракацца часта. І не толькі калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні — а гэта ў асноўным добраўпарадкаванне вуліц, бытавыя ўмовы — вымагаючыя тэрміновага ўмяшання. Многія выбаршчыкі — бацькі вучняў-гімназістаў. Дарэчы, спалучэнне дадзеных паўнамоцтваў ні ў якім выпадку не замінае вырашэнню праблем.
Дэпутат, як вядома, чалавек усебакова неабыякавы. Якія аспекты грамадскага жыцця хвалююць Святлану Мамсікаву? Шчымліва непакоіць лёс роднай мовы, тым больш, што ўзначальвае ўстанову, дзе беларуская мова сапраўды з’яўляецца сродкам навучання, зносін. Добра было б зрабіць так, каб роднае слова гучала паўсюдна, беларуская мова не выклікала рэакцыі здзіўлення, стала зразумелай і запатрабаванай, не была фактарам, замаруджваючым успрыманне матэрыялу на ўроках. Каб ужо з самых малых гадоў у сям’і, у дзіцячым садзе дзеці чулі і разумелі беларускае слова. У гэтым кірунку Святлана Юр’еўна гатова стаць ініцыятарам на раённым узроўні розных мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю матчынай мовы.
Як у чалавека грамадскага, у дэпутата Мамсікавай не маглі не ўзнікнуць пэўныя меркаванні ў сувязі з аб’яўленнем 2010-га Годам якасці. Безумоўна, павысіць узровень нашага жыцця могуць не толькі дэпутаты, але, у першую чаргу, і кожны асобны чалавек. І пачынаць трэба з малога — са сваёй сям’і. Належныя ўмовы пражывання — гэта неабавязкова павінна быць звязана з вялікімі матэрыяльнымі стратамі — плюс унутрысямейнае ўзаемаразуменне ёсць база для плённай працы бацькоў, добрай вучобы дзяцей. Далей — болей. Трэба толькі запусціць шматгранны механізм якасці, закласці гэтую важную рысу ў свядомасць падрастаючага пакалення як каштоўнасць. Праз некаторы час пасеянае абавязкова дасць добрыя ўсходы.
Што тычыцца дырэктарскай пасады, то тут якасць дасягаецца «выкладваннем душы наверх” пры перажыванні за розныя недахопы і шчырым імкненні іх ліквідаваць, узнаўляльным зваротам яе на месца пры назіранні поспехаў дзяцей, добрых вынікаў агульнай работы калектыву.
Вось так і чаргуецца. Складана, але ўсведамленне важнасці сваёй дзейнасці дапамагае трымацца.
Спрыяе аднаўленню жыццёвай сілы, акумуляванню энергіі для заўтрашняга дня сям’я. Ёсць у кватэры цудоўнае месца, дзе адразу забываюцца ўсе клопаты — кухня. Так прыемна адчуваць сябе проста жанчынай, гаспадыняй. Лепш за ўсё ў Святланы Юр’еўны атрымліваюцца боршч і галубцы…
А потым прыходзіць заўтра — і зноў даводзіцца адчуваць сябе ў эпіцэнтры падзей гімназіі, горада, раёна. Такая сітуацыя, у прынцыпе, задавальняе — жыццё даецца, каб жыццё тварыць…
І — апошняе: больш давярайце жанчынам! Яны валодаюць і інтуіцыяй, і прагрэсіўнай сілай. І, калі патрабуецца, сваімі пяшчотнымі рукамі могуць перавярнуць горы, накіраваць жыццё ў надзейнае рэчышча.
Валянціна КОРБАЛЬ.