У паравоз ён
улюбіўся завочна, па гудках, што даносіліся да яго роднай вёскі Макаўе ад
Лазоўскага пераезда. А ўражанне ад першай сустрэчы з гігантам, які лёгка і
хутка бегаў па рэйках, было такім моцным, што некалькі дзён ён толькі аб ім
думаў і гаварыў. Аднойчы цікаўнага хлопчыка, што гадзінамі сядзеў на чыгуначным
насыпу на станцыі, машыніст зaпрасіў на паравоз. Нейкіх паўгадзіны знаходзіўся
там Мікалай, пакуль рабілі манеўры па камплектаванні саставу, бычыў, як лёгка
ўпраўляецца гэтая махіна і тут жа вырашыў: ён будзе машыністам. A калі ў
школьным сачыненні напісаў аб сваёй мары, настаўніца зачытала яго перад ycім
класам, як прыклад. З таго часу ў школе яго сталі называць Міколка-паравоз, або
проста — Паравоз. І не дзіва, што любімай кнігай Мікалая Блізняца стала
аповесць М.Лынькова «Міколка-паравоз». Доўгімі зімовымі вечарамі ён
чытаў яе сваім дамашнім пры лучыне, бо мачаха шкадавала, што дарагі кepacін
(газа) траціцца дарэмна.
Гружаны лесам
цягнік адпраўляўся з Градзянкі ў другой палавіне дня, таму Мікалай амаль кожны
дзень бег пасля ўрокаў на станцыю, стаў сваім у чыгуначнікаў, нават дапамагаў
абслугоўваць паравоз.
Па словах
сястры Вольгі Мікалай Блізнец рос ціхім і паслухмяным. Бацька працаваў на
ўласнай зямлі. Маці памерла рана. Дзяцей было сямёра. Каб пракарміцца,
шчыравалі ў рабоце ўcе. Мікалай, на правах мужчыны, браў на сябе самае цяжкае:
нарыхтоўваць дровы, касіць сена, прыглядаць за каровай. Малыя лавілі рыбу на
Лочынскім возеры. Хаця, якая там была рыба на такую сям’ю. Выручаў лес. Нават
болей, чым зямля. Летам нарыхтоўвалі ягады і грыбы. Іх назапашвалі столькі, каб
хапіла на ўвесь год. Калі выпадаў снег, Мікалай займаўся паляваннем. Праўда не
ў прамым сэнсе гэтага слова. Ён ставіў сілкі на зайцоў, цецерукоў, курапатак.
Бывала, што і касулі траплялі.
Большасць часу
Мікалай прападаў у лесе. Ніхто з сяброў не ведаў лес так, як ён: аднолькава
хутка мог прайсці таемнымі сцяжынкамі да Лазоўскага, Пагарэльскага пераездаў,
Лочына, Градзянкі, Заненполля і Каляіны, што ў Чэрвеньскім раёне.
Калі ўтварыўся
калгас, на нейкі час, здавалася, стала лягчэй. Пасля школы Мікалай стаў там
працаваць: касіў, араў, баранаваў. Сеяць, праўда, не давяралі, затое ў час
уборкі кіраваў цэлым маладзёжным звяном. Хлапчукі і дзяўчаты на конях звозілі
снапы на калгасны ток, сена ў пуню, сцягвалі коньмі салому ад малатарні…
Аднак Мікалай марыў аб адным — паступіць вучыцца на машыніста паравоза…
…Вайна
напачатку абышла Макаўе бокам, азвалася
стралянінай у Градзянцы, велізарным зарывам пажараў над пасёлкам. Праз тыдзень
пацягнуліся акружэнцы. Ішлі арганізавана, групамі ў дзесяць-дваццаць чалавек,
цягнуліся па аднаму. Ішлі за фронтам, які хутка аддаляўся, хто са зброяй, хто
без яе. Некаторыя нават у цывільнай адзежы. Мікалай зрабіўся штатным
правадніком. Спачатку акружэнцы ішлі ў напрамку Бабруйска: Мікалай пераводзіў
іx праз жалезную і шасейную дарогу між Градзянкай і Лазовым, потым вадзіў туды,
куды гаварылі. За гэты час разжыўся наганам з чатырма патронамі, вінтоўкай і
некалькімі гранатамі. Вінтоўку і гранаты схаваў у лясным тайніку, а наган
трымаў дома, у застрэшшы.
Хутка тайнік
папоўніўся яшчэ некалькімі вінтоўкамі, ручным кулямётам. Вучыўся страляць самастойна
ва ўрочышчы Кашалі, недалёка ад вёскі.
Партызан
упершыню ўбачыў у канцы ліпеня. На сход калгаснікаў прыехаў М.П.Каралёў, былы
старшыня райвыканкама, прасіў якасна правесці ўборку. Загадаў старшыні калгаса
зрабіць запас зерня для наступнай сяўбы, патрэб партызан, а астатняе раздаць
сялянам. Здзівіла, што М.П.Каралёў думае аб будучай пасяўной, і абрадавала: значыць,
вайна хутка закончыцца.
У другі раз
мясцовыя партызаны праводзілі сход калгаснікаў ужо ў студзені 1942 года:
расказвалі пра разгром фашыстаў пад Масквой. Тады Мікалай Блізнец сустрэўся з
Максам Грынфельдам. Падцягнуты, у зялёнай армейскай фуфайцы, падперазаны
шырокім салдацкім рамянём, з трафейным нямецкім аўтаматам на грудзях, Макс быў
зусім не падобны на таго, з якім Мікалай сустракаўся ў школе. Юнак папрасіў,
каб закінуў за яго слова — узяць у атрад. Аднак яму адмовілі, нават, калі аддаў
партызанам некалькі вінтовак і кулямёт. Сцяпан Сяргеевіч Сумчанка падзякаваў за
зброю і сказаў, што яму яшчэ рана ваяваць: дапамагай, маўляў, бацькам гадаваць
дзяцей і падрастай сам…
Было вельмі
крыўдна, таму, калі зноў знайшоў у лесе чатыры 76-міліметровыя гарматы і
некалькі снарадаў да іx, нікому нічога не сказаў.
Двойчы ён па
просьбе С.С.Сумчанкі хадзіў у Лапічы, сустракаўся з сувязнымі. Там упершыню
ўбачыў немцаў, ледзь не пачаў страляць з нагана, што ў апошні час нacіў з
сабой. Наган бацька потым забраў сілай і схаваў, каб далей ад бяды, быццам
разумеў, што ўтрымаць хлапчука не зможа. Таму, калі вясною вялікі партызанскі
атрад з Мінскай вобласці спыніўся начаваць у вёсцы, бацька пайшоў да камандзіра
разам з Мікалаем. Павел Сяргеевіч Вараб’ёў — камандзір атрада імя Ленінскага
камсамола, выслухаў іx вельмі ўважліва, аднак сказаў прыкладна тое, што і
Сумчанка, — расці, хлопча… Але калі бацька з сынам прынеслі дзве вінтоўкі,
гранаты, наган, паказалі схаваныя гарматы, а асабліва снарады — партызанам
вельмі патрэбен быў тол, які яны выплаўлялі са снарадаў — згадзіўся ўзяць
хлопца ў атрад…
Так пачалося
партызанскае жыццё Мікалая Блізняца. Здзіўляла партызан тое, што ён ніколі не
смяяўся, быў не па гадах разважлівым і сур’ёзным.
Жаданне
П.С.Вараб’ёва зрабіць Мікалая сувязным пры штабе сустрэла яраснае супраціўленне
хлопчыка. Ён застаўся з разведчыкамі. Хадзіў з імі ў варожыя гарнізоны, збіpaў
звесткі аб ворагах, іx планах, а вечарам, каля вогнішча, расказваў партызанам
пра свайго любімага героя Міколку-паравоза…
У снежні 1942
года група С.Івашына, у якой быў Мікалай, зрабіла свой першы выхад на чыгунку.
Трэба было ўзарваць эшалон каля станцыі Смалявічы на магістралі Мінск-Масква.
Некалькі папярэдніх партызанскіх груп вярнуліся ні з чым: фашысты ўзмацнілі
ахову чыгуначнага палатна, на найбольш даступных месцах пабудавалі дзоты,
акрамя таго дарога кантралявалася патрулямі. З дапамогай сувязнога Івана
Балоначкіна падышлі да чыгункі. Івашын адправіў па два чалавекі ў абодва бакі,
а сам з Блізняцом папоўз да насыпу. Калі да чыгункі засталося метраў
пяцьдзесят, партызаны спы-ніліся. Пасланых на флангі доўга не было, і Івашын
занепакоіўся. Мікалай папоўз назад, прыслухаўся. Недалёка пачуліся трывожныя
галасы. Пабег туды. Балоначкін і Aнісімаў змагаліся з патрульнымі фашыстамі.
Блізнец імгненна вызначыў, каму больш патрэбна яго дапамога, і з усёй сілы
ўдарыў прыкладам карабінa па галаве немца, які насядаў на Івана Балоначкіна,
затым кінуўся на дапамогу Анісімаву, але той ужо паспеў справіцца са сваім
праціўнікам.
Гэты ўзарваны
эшалон з той самай хвіліны, калі Мікалай пацягнуў на сябе шнур і пад паравозам
успыхнула полымя, а грукат падаючых пад адхон вагонаў запоўніў усё наваколле,
праследаваў яго нават у сне. Ён марыў стаць машыністам, сядзець за рычагамі
паравоза, а лёс прымусіў яго калечыць гэтыя магутныя машыны, падрываць іx…
Але пасля трэцяга ўзарванага цягніка Мікалай ужо не думаў пра гэта. Здаралася,
што пасля выканання аднаго задання адразу прыходзілася ісці на другое.
Камандаванне атрада яшчэ раз паспрабавала перавесці яго ў гаспадарчы ўзвод.
Аднак і на гэты раз хлапчук настаяў на cвaім.
Ён прымаў
удзел у разгроме моцнага гарнізона гітлераўцаў у вёсцы Ляды Смалявіцкага раёна,
дзе ў самы адказны момант яго граната вырашыла лёс бою. Зімой 1943 года стаў
камсамольцам.
А праз
некалькі тыдняў па партызанскай пошце даведаўся, што здарылася з яго вёскай. 8
студзеня карнікі caгналі ўcіx жыхароў вёскі Макаўе, каля трохсот чалавек, у
калгасную пуню, аблажылі сцены саломай, аблілі бензінам і падпалілі. У тых, хто
спрабаваў вырвацца, стралялі… Потым фашысты прачасалі лес, тайныя зямлянкі, у
якіх хаваліся людзі не толькі з Макаўя, a і з Градзянкі, Лазовага, закідалі
гранатамі. Выратаваліся адзінкі.
Цяжка
перажываў Мікалай тое, што здарылася. Плакаў, схаваўшыся ад партызан у лесе,
перастаў нават усміхацца. З’явілася нейкая адчайная адвага. Ён удзельнічаў ва
ўcіx баявых аперацыях атрада, часта неапраўдана рызыкаваў. На рахунку іx групы
8 падарваных эшалонаў, шматлікія засады на дарогах. У час бою з карнікамі каля
вёскі Пудзінская Слабада Пухавіцкага раёна быў цяжка паранены кулямётчык.
Мікалай хутка заняў яго месца і кінжальным агнём спыніў наступаючых эсэсаўцаў,
а потым у час контратакі аддзяленне Канстанціна Логінава, знішчыўшы нямецкіх
артылерыстаў, захапіла дзве хуткастрэльныя аўтаматычныя гарматы, якія і цяпер
экспануюцца ў музеях — адна ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай
Айчыннай вайны ў Мінску, а другая — у артылерыйскім музеі Санкт-Пецярбурга.
Камандзір
узвода Канстанцін Логінаў у пісьме градзянскім школьнікам пісаў пра Мікалая
Блізняца, як ініцыятыўнага і думаючага партызана. Асабліва рашуча той дзейнічаў
у час бою пад Пудзінскай Слабадой і пры разгроме варожай калоны пад Чэрвенем,
дзе былі знішчаны некалькі бронетранспарцёраў і машын з немцамі. Па словах
Логінава, Мікалай Блізнец быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза.
Пацвярджэнне гэтаму мы знайшлі таксама ва ўспамінах камандзіра атрада Паўла
Сяргеевіча Вараб’ёва, які ў 1967 годзе ўсё-такі знайшоў бацьку Мікалая і яго
сястру Вольгу, што цудам уратаваліся ў той трагічны для астатніх людзей
студзеньскі дзень, і расказаў аб лёсе Мікалая і аб тым, што прадстаўленне яго
да звання Героя Савецкага Саюза знаходзіцца ў apxівe партызанскага руху.
…Першай
Мінскай партызанскай брыгадзе, у якую
ўваходзіў атрад імя Ленінскага камсамола, разам з суседняй брыгадай
«Разгром» было даручана знішчыць чыгуначную магістраль у раёне
станцыі Жодзіна-Барысаў. Атрады падрыхтаваліся да бою. Якраз у гэты момант
падышоў цягнік з гітлераўцамі. Сілы былі няроўныя. Адмовіцца ад бою ўжо не было
магчымасці, бо гэта паставіла б пад удар суседнюю брыгаду, і камісар Ермалай
Іваноў узняў ракетніцу…
Фашысты
стралялі з поезда, з дзотаў па наступаючых партызанах прамой наводкай з ycіx
відаў зброі: кулямётаў, гармат, мінамётаў. З’явіліся раненыя і забітыя. Атака
за-хліпалася. І тады ўперадзе атрада імя Ленінскага камсамола ўзняліся Вадзім
Кутырла і Мікалай Блізнец, над іx галовамі ўспыхнуў сцяг брыгады…
Задача была
выканана. Палаў фашысцкі эшалон, было ўзарвана некалькі кіламетраў чыгуначнага
палатна, coтні фашыстаў знішчаны.
Аднак і
партызаны панеслі самыя вялікія страты з пачатку вайны. Падчас аперацыі
загінула васемнаццаць чалавек. Сярод іx градзянскі школьнік Мікалай Блізнец.
Загадам па
атраду Мікалай быў навечна ўключаны ў спіс байцоў атрада імя Ленінскага камсамола
Першай Мінскай партызанскай брыгады.
Браніслава
ДАНIЛЕВIЧ, настаўніца Градзянецкай СШ.